2017-05-14 12:48:00

Пантыфік пра мір на Блізкім Усходзе і дар мяцярынства


Марыі, Каралеве Спакою, даверыў лёс людзей, пацярпелых у выніку войнаў і канфліктаў, асабліва на Блізкім Усходзе, Святы Айцец. “Так шмат нявінных людзей падвяргаюцца жорсткім выпрабаванням, і хрысціяне, і мусульмане, і тыя, хто належыць да меншасцяў, як езіды, што пакутуюць ад трагічнага насілля і дыскрымінацыі”, - звярнуў увагу Папа 14 мая 2017 г. пасля марыйнай малітвы “Regina Caeli”. Ён заявіў аб сваёй салідарнасці з тымі, хто пакутуе і тымі, хто ім дапамагае і паабяцаў маліцца за іх. Францішак заклікаў “розныя супольнасці ісці па шляху дыялогу і прымірэння ў мэтах стварэння будуні павагі, бяспекі і міру”.

Падчас сустрэчы з вернікамі на плошчы св. Пятра Пантыфік прывітаў таксама ўдзельнікаў італьянскай ініцыятывы пад назвай “Пустыя каляскі”, якія прыцягваюць увагу грамадства да трагічнай сітуацыі з нараджальнасцю. “Будучыня нашага грамадства патрабуе ад усіх, асабліва устаноў, канкрэтнай увагі да жыцця і мацярынства. Гэты зварот з’яўляецца асабліва важным сёння, калі ў многіх краінах адзначаецца Дзень маці. Мы з удзячнасцю і любоўю даручаем усіх мам апецы Марыі, маці Езуса”, - сказаў Францішак і запрасіў кожнага на ватыканскай плошчы ў цішыні памаліцца за ўласную маці.








All the contents on this site are copyrighted ©.