2017-05-12 13:14:00

Францішак сустрэўся з касмолагамі і астрафізікамі


Існаванне Сусвету з’яўляецца вынікам не хаосу і выпадковасці, а Божай мудрасці, сказаў Францішак, прымаючы 12 мая 2017 г. на аўдыенцыі ў Ватыкане ўдзельнікаў міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі аб чорных дзюрах, гравітацыйных хвалях і прасторава-часавых асаблівасцях. 9-12 мая, яе праводзіла ў Кастэль Гандольфа Ватыканская абсерваторыя. Апекуном быў абраны Жорж Лемэтр, бельгійскі святар, матэматык і касмолаг, адзін з першых у свеце даследчыкаў чорных дзюр. У 1960-1966 гг. ён узначальваў Папскую акадэмію навук.

Францішак адзначыў, што тэма форуму мае важнае значэнне не толькі для прыкладной навукі, але і філасофіі, тэалогіі, духоўнага жыцця. Ён нагадаў, што кс. Лемэтр, як каталіцкі святар і касмолаг, заўсёды бараніў выразнае метадалагічнае адрозненне паміж галінамі навукі і тэалогіяй, гаворачы пра розныя сферы кампетэнцыі.

Цытуючы Альберта Эйнштэйна, які сказаў, што вечная таямніца свету ляжыць у яго пазнавальнасці, Папа заклікаў удзельнікаў ватыканскай канферэнцыі настойліва шукаць ісціну, без страху і закрыцця ва ўласнай пазіцыі, прымаючы новыя навуковыя адкрыцці ў пакоры, таму што ідучы на перыферыі чалавечых ведаў можна атрымаць сапраўдны досвед Бога.

Удзельнікі канферэнцыі абмеркавалі найбольш важныя праблемы сучаснай касмалогіі і астрафізікі. Сярод іх былі вядомыя навукоўцы, між іншым, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па фізіцы 1999 года галандзец Герард ’т Хоофт.








All the contents on this site are copyrighted ©.