2017-05-11 11:41:00

Папа скіраваў відэа-пасланне да партугальскага народа


“Я хацеў бы прыбыць да Божай Маці як Пастыр Паўсюднага Касцёла, дорачы ёй букет з самых прыгожых “кветак”, які Езус даручыў маёй апецы – братоў і сёстраў з усяго свету, адкупленых Яго крывёю, не выключаючы нікога”, - сказаў Францішак у відэа-звароце да партугальцаў за некалькі дзён да сваёй пілігрымкі ў марыйны санктуарый у Фаціме. Святы Айцец будзе знаходзіцца там 12 і 13 мая 2017 г. Візіт стане кульмінацыяй святкавання 100-годдзя аб’яўленняў Маці Божай.

“Мне патрэбныя вы ўсе, аб’яднаныя са мной. Мне трэба ваша адзінства, фізічнае або духоўнае, важна, каб яно зыходзіла з сэрца, каб стварыць мой букет кветак, маю “залатую ружу”. Ствараючы з нас “адно сэрца і адну душу”, я даручу вас Панне Марыі, просячы Яе, каб прашаптала кожнаму: “Маё Беззаганнае Сэрца будзе для цябе сховішчам і шляхам, які прывядзе да Бога”, - сказаў Папа.

Паводле Францішка, дэвіз пілігрымкі: “З Марыяй, пілігрым надзеі і міру”, змяшчае “цэлую праграму навяртання”. Ён падзякаваў за “малітвы і самаадрачэнне”, ахвяраваныя за яго, і прызнаўся, што мае патрэбу ў іх, будучы “грэшнікам сярод грэшнікаў”. “Малітва асвятляе мае вочы, каб мог убачыць іншых, якімі бачыць іх Бог, каб любіў іншых, як Ён любіць іх. У Яго імя я прыбуду да вас радасна дзяліцца Евангеллем надзеі і спакою. Няхай Пан благаславіць вас, а Найсвяцейшая Маці няхай абароніць вас!”, - завяршыў Францішак сваё кароткае відэа-пасланне.








All the contents on this site are copyrighted ©.