2017-05-10 11:30:00

Святы Пасад аб непрымальнасці дыскрымінацыі адносна мігрантаў


У адносінах да мігрантаў і бежанцаў трэба кіравацца Усеагульнай дэкларацыяй правоў чалавека і шматлікімі канвенцыямі і міжнароднымі дамовамі. У той жа час, мігранты абавязаны паважаць культурную і духоўную спадчыну краін, якія іх прымаюць. У гэтым выпадку яны стануць адлюстраваннем чалавечнасці глабалізацыі і змогуць адыграць важную ролю ў развіцці мірных адносін паміж народамі. Такое меркаванне выказаў 9 мая 2017 г. у Жэневе арцыбіскуп Іван Юркавіч, пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры Арганізацыі Аб’яднаных Нацый і іншых міжнародных арганізацыях. 

Менавіта мігранты, заўважыў іерарх, сваёй прысутнасцю падкрэсліваюць, што ўсе мы належым да адной чалавечай сям’і. Занадта часта іх успрымаюць з прагматызмам, праз прызму ўкладу ў эканоміку прымаючай краіны або ў якасці фактару, кампенсуючага дэмаграфічны дэфіцыт і недахоп працоўнай сілы. На жаль, яны падвяргаюцца расавай і іншым формам дыскрымінацыі і нецярпімасці, паколькі адрозніваюцца ад асноўных і дамінуючых культур. Гэта супярэчнасць, на думку прадстаўніка Апостальскай Сталіцы, вынікае з абмежаванага бачання чалавечай асобы і перавагі эканамічных інтарэсаў над годнасцю і роўнасцю чалавека.

Ватыканскі дыпламат прапанаваў карыстацца дакладнымі, нейтральнымі і дэталізаванымі данымі адносна мігрантаў, свабоднымі ад партыйных і палітычных інтарэсаў. Таксама сродкі масавай інфармацыі павінны адлюстроўваць чалавечую рэчаіснасць міграцыі і яе прычыны сумленна і справядліва, паколькі сенсацыйнасць і негатыўныя стэрэатыпы хаваюць праўду, што стаіць за рашэннем аб перамяшчэнні, часта выкліканым крайняй галечай, голадам, прыроднымі і тэхнагеннымі катастрофамі, насіллем і пераследам.

Дэлегацыя Апостальскай Сталіцы заклікала, каб лексікон Глабальнай дамовы па бяспечнай, упарадкаванай і рэгулярнай міграцыі, якая зараз абмяркоўваецца ў ААН, быў адпаведным і адназначным, што дапаможа ў падтрымцы рэальнага разумення чалавечай рэчаіснасці міграцыі і прадухіленні росту ксенафобскіх і расавых забабонаў сярод шырокай грамадскасці.








All the contents on this site are copyrighted ©.