2017-05-09 13:51:00

Папа: прымаць Божае слова з паслухмянасцю


Прымаць Божае слова з паслухмянасцю і не працівіцца Святому Духу, заклікаў папа Францішак 9 мая 2017 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. У гаміліі ён заўважыў, што на працягу некалькіх апошніх дзён галоўнай тэмай літургічных чытанняў быў супраціў адносна Святога Духа. Цяпер жа гаворка ідзе пра рысу, уласцівую хрысціянам: пра паслухмянасць Божаму слову.

Пантыфік нагадаў, што пасля мучаніцкай смерці Стэфана, у Ерузалеме пачалося вялікае ганенне на хрысціян. Тут засталіся толькі Апосталы, у той час як многія вернікі разбегліся. Яны накіроўваліся ў розныя часткі рэгіёну і прапаведвалі Евангелле не толькі юдэям, але і грэкам, якіх лічылі язычнікамі. Паводле Папы, яны рабілі так, бо паслухаліся Святога Духа. 

У гэтым кантэксце ён нагадаў пра патрэбу сардэчнай адкрытасці ў адносінах да іншых, пазбягання суровасці і пра неабходнасць блізкага знаёмства з Божым словам, згодна з выказваннем Езуса: “Авечкі Мае слухаюць голас Мой, і Я ведаю іх, і яны ідуць за Мною” (Ян 10,27). Ведаюць, бо паслухмяныя Божаму слову, падкрэсліў Пантыфік. 

Ён заклікаў вернікаў заўсёды насіць з сабой Святое Пісанне, чытаць яго, адкрываць сэрца на яго, а таксама на Святога Духа, які дапамагае зразумець Божае слова. “Плёнам гэтага будзе любоў, радасць, супакой, цярплівасць, згода, дабрыня, вернасць, лагоднасць, панаванне над сабой”, - паабяцаў Францішак.

“Святы Дух вядзе нас, каб не заблукалі, каб паслухмяна прымалі Божае слова, распазналі Святога Духа ў слове, і жылі паводле Духа. Гэта супрацьлеглае таму супраціву адносна Духа, у якім Стэфан абвінавачваў кніжнікаў, кажучы: “Вы заўсёды працівіліся Святому Духу”, - нагадаў Папа і заклікаў маліцца аб ласцы паслухмянасці.








All the contents on this site are copyrighted ©.