2017-05-07 12:28:00

Пантыфік: святарства – гэта служэнне, а не кар’ера


Папа Францішак удзяліў 7 мая 2017 г., падчас св. Імшы ў ватыканскай базыліцы св. Пятра, прэзбітэрскія пасвячэнні дзесяці дыяканам. Сёння ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца 54 Сусветны дзень малітваў аб пакліканнях. 

У гаміліі Пантыфік адзначыў, што яны былі абраныя Езусам не на тое, каб рабіць кар’еру, але служыць. “Прашу, не будзьце панамі, дзяржаўнымі чыноўнікамі, але толькі пастырамі Божага народу”, - сказаў Францішак.

“Абвяшчайце ўсім Слова Божае, якое вы самі прынялі з радасцю, як дзеці. Чытайце старанна і разважайце над Словам Божым, каб верыць у тое, што вы чыталі, навучаць таму, чаму вы самі навучыліся, верыць у тое, пра што навучаеце”, - заўважыў  Папа. Няхай будзе ежай для Божага народа нашае навучанне. Простае, так як гаварыў Пан, якое даходзіла б да сэрца. Няхай вашы гаміліі не будуць занадта  інтэлектуальныя і занадта складаныя. Гаварыце простымі словамі, да сэрца. І такім чынам вашы гаміліі будуць сапраўднай пажывай. Няхай таксама радасцю і падтрымкай для вернікаў будзе пах вашага жыцця, таму што прапаведванае слова без прыкладу жыцця не служыць нікому. Лепш вярнуцца назад. Двайное жыццё - гэта дрэнная хвароба ў Касцёле”, - адзначыў Папа.

Пантыфік нагадаў новым прэзбітэрам, што зусім не навуковыя тытулы вырашаюць, хто з’яўляецца добрым святаром. Заклікаў іх, каб былі міласэрнымі ў канфесіянале і не ўскладалі на плечы вернікаў цяжараў, якія яны не ў стане несці. “Прэзбітэр, які, магчыма, шмат вывучаў тэалогію,закончыў, адзін, два ці тры дактараты, але не навучыўся несці крыж Хрыста, такі не патрэбны. Ён будзе добрым акадэмікам, добрым прафесарам, але не святаром”,- патлумачыў Святы Айцец.

Папа заклікаў маладых святароў, каб заўсёды наведвалі хворых. Былі заўсёды радаснымі, ніколі сумнымі. “Заўсёды з радасцю служыце Хрысту, нават сярод пакутаў, непаразуменняў і сваіх грахоў.  Заўсёды майце перад вачыма прыклад Добрага Пастыра, які прыйшоў, не каб яму служылі, але каб служыць іншым. Заўсёды будзьце пастырамі Божага народу”, - завершыў Святы Айцец. 

Ян Мойсік








All the contents on this site are copyrighted ©.