2017-05-04 18:26:00

Францішак прыме на аўдыенцыі Дональда Трампа


24 мая 2017 г. Францішак прыме на аўдыенцыі Прэзідэнта ЗША Дональда Трампа. Затым палітык сустрэнецца з кардыналам Дзяржсакратаром Пьетра Паралінам, якога будзе суправаджаць сакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі арцыбіскуп Пол Рычард Галахер, паведаміла Зала Друку Святога Пасаду.

Дональд Трамп прыбудзе ў Ватыкан ў рамках свайго першага замежнага падарожжа, у праграме якога прадугледжаны таксама ўдзел у саміце “Вялікай сямёркі” на Сіцыліі, наведванне Ізраіля, Саўдаўскай Аравіі і штаб-кватэры НАТА у Брусэлі. Падчас нядаўняй, сумеснай з прэм’ер-міністрам Італіі Паола Джэнцілоні прэс-канферэнцыі, Дональд Трамп узгадваў аб сваёй зацікаўленасці ў сустрэчы з Пантыфікам.

Папярэднік цяперашняга кіраўніка ЗША, Барак Абама наведваў Ватыкан двойчы, у 2009 г. ён сустрэўся з Бэнэдыктам XVI, у 2014 г. тут яго прымаў ужо Францішак. Цяперашні Пантыфік у верасні 2015 г. здзейсніў візіт у Злучаныя Штаты.

Дыпламатычныя адносіны паміж ЗША і Святым Псадам па гістарычных мерках налічваюць няшмат часу. Яны былі ўсталяваныя толькі ў 1984 г. Па ўспамінах амерыканскага пасла пры Святым Пасадзе Уільяма Вільсана, перамовам на гэтую тэму паспрыяла сустрэча прэзідэнта Рэйгана з Янам Паўлам II. Тады было заяўлена, што прынцыпы, на якіх заснаваны Злучаныя Штаты, у цэлым “раўналежныя” прынцыпам Святога Пасаду.








All the contents on this site are copyrighted ©.