Францішак прыняў на аўдыенцыі 4 мая 2017 г. прэфекта Кангрэгацыі па справах Кананазацыі, кардынала Анджэла Амата і ўхваліў дэкрэты аб прызнанні цудаў, мучаніцтва і гераічнасці цнотаў кандыдатаў да хвалы алтароў.
Першыя чатыры дэкрэты тычацца прызнання цудаў, здзейсненых праз заступніцтва: амерыканскага капуцына Фрэнсіса Салана Кэйсі, французскай законніцы і заснавальніцы кангрэгацыі Дачок Беззаганнай Марыі, Мары ад Беззаганага Зачацця, нямецкай законніцы і заснавальніцы кангрэгацыі Сясцёр Беднага Дзіцятка Езуса, Клары Фэй, а таксама аргентынскай законніцы і заснавальніцы кангрэгацыі Сясцёр Служак Найсвяцейшага Сэрца Езуса, Катарыны ад Марыі.
Дэкрэт аб прызнанні мучаніцтва тычыцца мадагаскарскага свецкага верніка, главы сям’і і члена Францішканскага ордэна свецкіх, Люсьена Ботавасоа, забітага ў 1947 г. з нянавісці да веры.
Ухваленыя Святым Айцом дэкрэты аб прызнанні гераічнасці цнотаў тычацца: італьянскага кардынала Эліа Дала Косты, в’етнамскага кардынала Франсуа Ксаўе Нгуен Ван Туана, італьянскай законніцы і заснавальніцы кангрэгацыі Сясцёр Уршулянак Найсвяцейшага Сэрца Марыі, Джаваны Мэнэгіні, італьянскай законніцы і першай генеральнай настаяцельніцы кангрэгацыі Бедных Сясцёр, Вінчэнцы Кусмано, італьянскага свецкага верніка, главы сям’і і заснавальніка супольнасці “Regina Pacis”, Алесандра Нотэгара, італьянскай свецкай верніцы Эдвіджэ Карбоні і іспанскай свецкай верніцы, члена прэлатуры Святога Крыжа “Opus Dei”, Гуадалупэ Арціс дэ Ландадзуры.
All the contents on this site are copyrighted ©. |