2017-05-04 14:10:00

Пантыфік: Касцёл павінен слухаць турботы людзей


Касцёл пакліканы выходзіць у дарогу, прыслухоўвацца да турботаў людзей і дзяліцца з імі радасцю Евангелля, падкрэсліў папа Францішак 4 мая 2017 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў капліцы ватыканскага Дома св. Марты. У гаміліі ён спаслаўся на літургічнае чытанне з Дзеяў Апосталаў (Дз 8, 26-40), якое распавядае пра навяртане і хрост эфіопскага вяльможы.

Святы Айцец заклікаў вернікаў паразважаць над трыма выразам, змешчанымі ў гэтым урыўку. Першы – гэта заклік анёла, скіраваны да апостала Філіпа: “Устань і ідзі” (Дз 8, 26), які, паводле яго слоў, з’яўляецца заклікам да евангелізацыі. “Каб евангелізаваць трэба “устаць і ісці”. Анёл не сказаў яму: “Сядзі спакойна ў сваім доме”. Не! Каб быць верным Пану, Касцёл павінен заўсёды ўставаць і ісці ў дарогу”, - падкрэсліў Папа і дадаў, што калі Касцёл не робіць так, "пачынае хварэць".

Святы Айцец звярнуў увагу на вялікую колькасць псіхалагічных і духоўных траўмаў, да якіх вядзе закрытасць Касцёла ў сабе, у маленькім свеце плётак, без гарызонтаў перад сабой.

Другі выраз, на які звярнуў увагу Пантыфік, гэта заклік: “Падыдзі і далучыся да яго павозкі” (Дз 8,29). У ёй знаходзіўся эфіоп, які прыняў юдаізм і накіроўваўся ў Ерузалем, каб пакланіцца Богу. Дух падштрухнуў Філіпа наблізіцца да яго і выслухаць яго турботы. Гэты прыклад указвае на пакліканне Касцёла слухаць сардэчную занепакоенасць людзей: не займацца празелітызмам, а слухаць, каб лепш разумець іх стан, лічыць Папа.

Францішак заўважыў, што затым сам вяльможа папрасіў Філіпа сесці побач і растлумачыць незразумелыя яму словы прарока Ісаі. Калі апостал пачаў прапаведваць, сэрца гэтага чалавека пачало паступова напаўняцца радасцю. Гэта Пан дзейнічаў унутры яго і дапамог зразумець, што прачытаныя ім словы былі аб Езусе. Вера эфіопа вырасла да такой ступені, што калі яны пад’ехалі да вады, ён неадкладна папрасіў аб хросце, нагадаў Святы Айцец.

Пантыфік заклікаў не перашкаджаць Святому Духу дзейнічаць у сэрцах людзей. Дзеі Апосталаў кажуць, што “калі яны выйшлі з вады, Дух Пана падхапіў Філіпа. І еўнух ужо больш не бачыў яго. І працягваў шлях свой, радуючыся” (Дз 8,39). Тут мы бачым хрысціянскую радасць, падкрэсліў ён.

На заканчэнне сваёй гаміліі Папа пажадаў, каб Касцёл заўсёды быў гатовым выйсці ў дарогу, слухаць людзей, і каб дзякуючы ласцы Святога Духа мог знаходзіць адпаведныя словы, якія трэба пераказаць свету, і якія напаўняюць хрысціянскай радасцю.








All the contents on this site are copyrighted ©.