2017-05-03 11:12:00

Святы Айцец падвёў вынікі пілігрымкі ў Егіпет


Падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане 3 мая 2017 г. Францішак распавёў пра сваю пілігрымку ў Егіпет, якая прайшла 28-29 красавіка 2017 г. Ён нагадаў, што падарожжа адбылося па запрашэнні Прэзідэнта Егіпта, Патрыярха Копцкай Праваслаўнай Царквы, Вялікага імама ўніверсітэта “Аль-Азхар” і Копцкага Каталіцкага Патрыярха. “Дзякую кожнаму з іх за па-сапраўднаму цёплую гасціннасць, якую мне аказалі. Дзякую ўсяму егіпецкаму народу за ўдзел і любоў, з якімі перажывалі гэты візіт Наступніка св. Пятра”, - сказаў Папа.

Святы Айцец падкрэсліў, што Прэзідэнт і грамадзянскія ўлады прыклалі надзвычайныя намаганні, каб візіт мог прайсці лепшым чынам і стаць “знакам міру для Егіпта і ўсяго рэгіёна, які нажаль пакутуе ад канфліктаў і тэрарызма”. “Нават дэвізам падарожжа былі словы: “Папа міру ў мірным Егіпце”, - нагадаў ён. 

Каментуючы свой візіт у “Аль-Азхар”, самы старажытны мусульманскі ўніверсітэт і найвышэйшую суніцкую навуковую ўстанову, Папа заўважыў, што меў перад сабой “дваістую перспектыву”: дыялогу паміж хрысціянамі і мусульманамі, і аднаначасова, прасоўвання міру ў свеце. Пасля сустрэчы з Вялікім імамам ён прыняў удзел у Міжнароднай мірнай канферэнцыі, дзе нагадаў, што Егіпет – гэта зямля цывілізацыі і саюзаў.

“Для ўсяго чалавецтва Егіпет – гэта сінонім старажытнай цывілізацыі, скарбніцы мастацтва і ведаў, а гэта нагадвае нам, што мір будуецца праз адукацыю, навучанне мудрасці, гуманізму, які лічыць сваёй інтэгральнай часткай рэлігійнае вымярэнне, адносіны з Богам, як нагадаў у сваёй прамове Вялікі імам. Мір будуецца таксама пачынаючы ад саюзу паміж Богам і чалавекам, які з’яўляецца фундаментам саюза паміж усімі людзьмі, заснаванага на Дэкалогу, які запісаны на каменных скрыжалях Сінаю, а яшчэ глыбей – у сэрцы кожнага чалавека, усіх часоў і месцаў, на законе, які абагульняецца ў двух запаведзях любові: да Бога і бліжняга”, - сказаў Папа.

Паводле Францішка, гэты самы фундамент знаходзіцца ў аснове будавання сацыяльнага і грамадскага парадку, да супрацоўніцтва ў якім пакліканы ўсе грамадзяне, незалежна ад свайго паходжання, культуры і рэлігіі. “Такое бачанне здаровай свецкасці выявілася ў ходзе абмену зваротамі з Прэзідэнтам Рэспублікі Егіпет, у прысутнасці ўладаў краіны і дыпламатычнага корпуса. Вялікая гістарычная і рэлігійная спадчына Егіпта і яго роля ў міжземнаморскім рэгіёне даюць яму выключнае заданне на шляху да стабільнага і трывалага міру, які грунтуецца не на праве сілы, але на сіле права”, - падкрэсліў Святы Айцец. 

Пантыфік перакананы, што ўсе хрысціяне пакліканы быць закваскай братэрства, а гэта магчыма, калі жывуць у адзінстве з Хрыстом. “Моцны знак адзінства, дзякуй Богу, мы маглі даць разам з маім дарагім братам папам Тавадрасам ІІ, копцкім праваслаўным Патрыярхам. Мы абнавілі ўзаемныя абавязацельствы, у тымі ліку падпісаўшы сумесную дэкларацыю, крочыць разам і прыкладаць усе намаганні, каб не паўтараць хрост, удзелены ў адпаведных Цэрквах. Мы разам маліліся да мучанікаў нядаўніх замахаў, якія драматычным чынам ударылі па гэтай вялебнай Царкве. Іх кроў зрабіла плённай экуменічную сустрэчу, у якой удзельнічаў таксама Патрыярх Канстантынопальскі Барталамей, Экуменічны Патрыярх – мой дарагі брат”, - сказаў Папа.

Другі дзень падарожжа Папы ў Егіпет быў прысвечаны сустрэчы з каталіцкімі вернікамі. Ён цэлебраваў св. Імшу, якая стала “святам веры і братэрства” і дала магчымасць “адчуць жывую прысутнасць Уваскрослага Хрыста”. “Каментуючы Евангелле, я заклікаў маленькую каталіцкую супольнасць Егіпта перажыць досвед вучняў з Эмаус: заўсёды знаходзіць у Хрысце, Слове і Хлебе жыцця, радасць веры, гарачую надзею і сілу, каб сведчыць у любові, што “бачылі Пана”.

“Апошнюю падзею я перажыў разам са святарамі, законнікамі і законніцам, семінарыстамі, у Вышэйшай духоўнай семінарыі. Там шмат семінарыстаў і гэта радуе. Тут прайшла Літургія Слова, падчас якой былі адноўлены абяцанні кансэкраванага жыцця. У гэтай супольнасці мужчын і жанчын, якія вырашылі падарыць жыццё Хрысту і Яго Валадарству, я ўбачыў прыгажосць Касцёла ў Егіпце і маліўся за ўсіх хрысціян Блізкага Усходу, каб пад кіраўніцтвам сваіх пастыраў, і ў суправаджэнні кансэкраваных асобаў, былі соллю і святлом гэтых земляў, пасярод гэтых народаў”, - сказаў Папа.

Францішак падкрэсліў, што Егіпет заўсёды быў сімвалам надзеі, абароны і дапамогі. Ён нагадаў, што ратуючыся ад голаду сюды накіраваўся Якуб са сваімі сынамі. Пазней тут знайшоў прытулак Езус, калі ў маленстве падвяргаўся пераследу. “Для нас Егіпет мае знак надзеі, як для гісторыі, так і для сучаснасці, у сілу таго братэрства, пра якое я вам распавядаю”, - дадаў ён.

Святы Айцец падзякаваў усім, хто прычыніўся да арганізацыі яго пілігрымкі, асабліва людзям, якія ахвяравалі ў гэтай інтэнцыі свае малітвы і цярпенні. “Святая Сям’я з Назарэту, якая эмігравала да берагоў Ніла, каб уцячы ад насілля Ірада, няхай благаслаўляе і заўсёды абараняе егіпецкі народ і вядзе яго па шляху росквіту, братэрства і міра”, - пажадаў Францішак на заканчэнне сваёй катэхезы.








All the contents on this site are copyrighted ©.