2017-05-01 13:01:00

Францішак: праца дае моладзі магчымасць марыць


Ва ўспамін св. Юзафа, рамесніка, які адзначаецца ў Каталіцкім Касцёле 1 мая, папа Францішак скіраваў свае думкі да моладзі. “Няхай св. Юзаф дасць моладзі здольнасць марыць, рызыкаваць дзеля вялікіх рэчаў, якіх прагне для нас Бог”, - напісаў ён у сваім профілі ў сацыяльнай сетцы “Twitter”. 

Святы Айцец часта заклікае моладзь не скарацца перад цяжкасцямі, асабліва звязанымі з беспрацоўем, і працягваць марыць аб лепшай будучыні. Аб гэтым ён казаў у сакавіку 2014 г. падчас аўдыенцыі для дэлегацыі сталеліцейнага завода з італьянскага горада Тэрні.

“Дарагія браты і сёстры, ніколі не пераставайце спадзявацца на лепшую будучыню. Змагайцеся за яе, змагайцеся! Калі ласка, не дазваляйце віхору песімізму загнаць сябе ў пастку. Калі кожны будзе рабіць сваю частку, калі ўсе будуць ставіць у цэнтр чалавека, з яго годнасцю, а не грошы, калі ўмацуецца салідарнасць і братэрскае дзяленне, натхнёнае Евангеллем, можна будзе вылезці з дрыгвы складанага і цяжкага, з эканамічнага і працоўнага пункту гледжання, перыяду”, - казаў Папа.

Дзякуючы працы і здольнасці прыносіць дамоў хлеб моладзь атрымлівае магчымасць умацоўвацца ў надзеі і не трапляць у роспач, адзначаў Пантыфік у снежні 2015 г., падчас сустрэчы з ўдзельнікаў ініцыятывы Канферэнцыі Біскупаў Італіі пад назвай “Progetto Policoro”. 

“Моладзь павінна мець магчымасць умацоўвацца ў надзеі на тое, што яе сілы, энтузіязм, інвестыцыі энергіі і рэсурсаў не будуць дарэмным. Колькі моладзі сёння стала ахвярамі беспрацоўя! Калі няма працы, пад пагрозу становіцца годнасць, бо адсутнасць працы не дазваляе прыносіць хлеб дамоў, не дазваляе адчуваць сябе годным зарабляць на жыццё. Сёння існуюць ахвяры гэтага. Колькі з іх ужо перасталі шукаць працу, таму што трапілі ў роспач пасля шматлікіх адмоў або абыякавасці грамадства, якое аддае перавагу прывілеяваным”, - казаў Папа.

Паводле Францішка, пазбаўленне людзей працы дзеля эканамічнай выгады з’яўляецца цяжкім грахом. Аб гэтым ён казаў 15 сакавіка 2017 г., каментуючы сітуацыю з працаўнікамі тэлевізійнай кампаніі “Sky Italia”, якім пагражала скарачэнне.

“Праца дае нам годнасць, і адказныя за народы, кіраўнікі, маюць абавязак рабіць усё неабходнае, каб кожны чалавек мог працаваць і трымаць галаву высока, з годнасцю глядзець у твар іншым. Той, хто дзеля эканамічных манёўраў, не зусім празрыстых перамоваў, закрывае фабрыкі, прадпрыемствы і пазбаўляе людзей працы, здзяйсняе цяжкі грэх”, - падкрэсліваў Папа.

Успамін св. Юзафа, рамесніка, быў устаноўлены ў Каталіцкім Касцёле, каб надаць хрысціянскі сэнс Міжнароднаму дню працы. Гэта адбылося ў 1955 г., падчас пантыфікату папы Пія ХІІ.








All the contents on this site are copyrighted ©.