2017-04-30 12:25:00

Святы Айцец заклікаў спыніць насілле ў Венесуэле


Святы Айцец выказаў занепакоенасць напружанай сітуацыяй у Венесуэле і заклікаў усе часткі грамадства гэтай краіны да пошуку мірнага вырашэння крызісу. З адмысловым заклікам ён звярнуўся 30 красавіка 2017 г. перад малітвай “Regina Caeli” на плошчы св. Пятра ў Ватыкане.

“Не перастаюць прыходзіць драматычныя паведамленні аб сітуацыі ў Венесуэле і абвастрэнні сутыкненняў, з вялікай колькасцю загінулых, параненых і затрыманых. У той час як далучаюся да болю сем’яў ахвяр, для якіх абяцаю малітву аб вечным супакоі, звяртаюся з сардэчным заклікам да ўладаў і ўсіх частак венесуэльскага грамадства, каб устрымаліся ад любых далейшых формаў насілля, каб паважаліся правы чалавека і вёўся пошук узгодненага вырашэння глыбокага гуманітарнага, сацыяльнага, палітычнага і эканамічнага крызіса, які знясільвае насельніцтва”, - пажадаў Пантыфік. 

Папа заклікаў даверыць заступніцтву Найсвяцейшай Панны Марыі дасягненне міру, згоды і дэмакратыі ў гэтай краіне, а таксама маліцца за ўсе дзяржавы, якія перажываюць глыбокія цяжкасці. Асаблівым чынам ён узгадаў пра Былую Югаслаўскую Рэспубліку Македонія, дзе назіраецца абвастрэнне зацяжнога палітычнага крызісу.

Пасля марыйнай малітвы Святы Айцец прывітаў прысутныя на плошчы св. Пятра групы пілігрымаў з розных краін свету. Між іншым ён пажадаў добрых плёнаў ініцыятыве “Біблійная нядзеля”, якая праходзіць у Польшчы і прадугледжвае публічнае чытанне Святога Пісання ў касцёлах, школах і сродках масавай інфармацыі. “Хрысціянскае выхаванне грунтуецца на Божым Слове”, - падкрэсліў Папа.








All the contents on this site are copyrighted ©.