2017-04-28 18:18:00

Францішак сустрэўся з егіпецкім істэблішментам


Ад традыцыйнага ўжо “As-salamu alaykum!” (Мір з вамі) пачаў 28 красавіка 2017 г. сваю прамову да прадстаўнікоў егіпецкага істэблішмента папа Францішак. Ён падкрэсліў, што Егіпет “мае вялікае значэнне для гісторыі чалавецтва і традыцыі Касцёла”. Менавіта тут жылі біблійныя Патрыярхі, тут Бог назваў сваё Імя Майсею, тут чалавецтва атрымала Божыя запаведзі, гэта зямля дала прытулак Святой Сям’і. Менавіта “шчодрая гасціннасць” з’яўляецца ўкладам егіпцян у калектыўную памяць чалавецтва, лічыць Пантыфік. 

І сёння, дзякуючы сваёй гісторыі і геаграфічнаму палажэнню, Егіпет адыгрывае ўнікальную ролю на Блізкім Усходзе і сярод тых краін, якія імкнуцца да вырашэння актуальных і складаных праблем, выкліканых сляпым і жорсткім насіллем, імкненнем да ўлады любым коштам, гандлем зброяй, рэлігійным экстрэмізмам. Францішак перакананы, што ў гэтым кантэксце, Егіпет мае асаблівую задачу ўмацавання міру ў рэгіёне. І змагаючыся за гэта, сам пакутую, звярнуў увагу Папа, спасылаючыся на нядаўнія тэракты ў копцкіх храмах.

Развіццё, дабрабыт і мір заслугоўваюць на ахвяру; яны патрабуюць напружанай працы і прыхільнасці, адпаведнага планавання і, перш за ўсё, безумоўнага захавання неад’емных правоў чалавека: роўнасці паміж усімі грамадзянамі, свабоды веравызнання і свабоды думкі, выказаў перакананне Святы Айцец. Веліч любога народа праяўляецца ў яго эфектыўнай дапамогзе найбольш уразлівым членам грамадства – жанчынам, дзецям, пажылым, хворым, няпоўнаспраўным і меншасцям.

У складанай сітуацыі “фрагментарнай сусветнай вайны” ні адно цывілізаванае грамадства не можа фарміравацца без рашучай адмовы ад ідэалогіі зла, насілля і экстрэмізму, падкрэсліў Пантыфік. Ніхто не можа здзяйсняць агрэсію ў імя рэлігіі, зневажаючы Божае Імя. Бог заклікае да безумоўнай любові, да бяскарыслівага прабачэнне, міласэрнасці, абсалютнай павагі да жыцця кожнага і братэрства сярод сваіх дзяцей, веруючых і няверуючых.

“Гэта наш абавязак, сказаць разам, што гісторыя не даруе тым, хто прапаведуе справядлівасць, а затым практыкуе несправядлівасць. Гісторыя не даруе тым, хто гаворыць аб роўнасці, а затым выключае тых, хто адрозніваецца. Гэта наш абавязак, выкрываць гандляроў ілюзій аб замагільным жыцці, якія прапаведуюць нянавісць, каб абрабаваць простых людзей з іх цяперашняга жыцця і іх права жыць годна, хто эксплуатуе іншых, замяняючы іх у выбуховы матэрыял і забіраючы іх здольнасць да свабоды выбару і адказнай веры”, - адзначыў Папа і дадаў, што гісторыя шануе людзей, якія мужна імкнуцца да стварэння лепшага свету.

На думку Францішка, “Егіпет закліканы прадэманстраваць, што можна верыць і жыць у гармоніі з іншымі людзьмі, падзяляючы з імі фундаментальныя чалавечыя каштоўнасці і паважаючы свабоду і веру ўсіх”.








All the contents on this site are copyrighted ©.