2017-04-27 11:20:00

Пантыфік прыняў членаў “Papal Foundation”


Сучасны свет, у якім часта пануюць насілле, прагнасць і абыякавасць, мае вялікую патрэбу ў хрысціянскім сведчанні надзеі, падкрэсліў Францішак у звароце да членаў “Papal Foundation” – амерыканскай каталіцкай арганізацыі, якая займаецца фінансаваннем папскіх дабрачынных праектаў у розных краінах свету. Папа прыняў іх 27 красавіка 2017 г. на аўдыенцыі ў Ватыкане.

“Я ўдзячны за вашу гатоўнасць дапамагаць Касцёлу у яго намаганнях абвяшчаць пасланне надзеі аж да краю зямлі і працаваць дзеля духоўнага і матэрыяльнага прагрэсу нашых братоў і сясцёр у свеце, асабліва ў краінах, якія развіваюцца. Кожны з вас, як жывы член Цела Хрыстовага, пакліканы спрыяць адзінству і міру чалавечай сям’і і ўсіх, хто яе складае ў Хрысце, згодна з воляй Айца”, - сказаў ён. 

Францішак заклікаў дабрачынцаў маліцца аб вырашэнні праблем бедных, навяртанні сэрцаў, распаўсюджванні Евангелля і ўзрастанні Касцёла ў святасці і місійным запале.

“Papal Foundation” была заснавана ў 1988 г. па ініцыятыве духавенства і свецкіх вернікаў ЗША. Фонд атрымлівае даходы ад інвестыцый у кампаніях, дзейнасць якіх не супярэчыць хрысціянскай веры. Донарамі арганізацыі могуць быць фізічныя асобы, фонды і аб’яднанні. Членства ў “Papal Foundation” пачынаецца з жадання ахвяраваць 1 млн. долараў на працягу 10 гадоў з мінімальнай штогадовай ахвярай у 100 тыс. долараў.








All the contents on this site are copyrighted ©.