2017-04-25 11:49:00

Святы Айцец у Егіпце: не будзе браніраванага аўтамабіля


Няма ніякіх асцярогаў у сувязі з візітам папы Францішка ў Егіпет. Ён будзе перасоўвацца па Каіры на звычайным, не браніраваным аўтамабілі. На прэс-канферэнцыі ў Ватыкнае агучылі дэталі 18-га міжнароднага падарожжа Пантыфіка.

Грэг Бёрк, кіраўнік Залы Друку Святога Пасаду, паведаміў, што двухдзённы візіт, які пачнецца 28 красавіка 2017 г., пройдзе ў трох вымярэннях: пастырскім, скіраваным да невялікай супольнасці католікаў у Егіпце, экуменічным, каб падкрэсліць важнасць дыялогу з Копцкай Праваслаўнай Царквой, і міжрэлігійным, паколькі адным з бакоў, які запрасіў Папу ў краіну быў ісламскі ўніверсітэт “Аль-Азхар”. 

У Егіпце каля 90 мільёнаў жыхароў, з якіх 89% складаюць мусульмане-суніты, каля 10% – вернікі Копцкай Праваслаўнай Царквы, і толькі 0,1% – католікі розных абрадаў. 

Францішак прыбудзе ў Егіпет як чалавек міру. Тут запланавана пяць яго выступленняў, паведаміў Бёрк. Галоўнае прагучыць на Міжнароднай мірнай канферэнцыі. Разам з копцкім Патрыярхам Тавадрасам II ён наведае царкву святых Пятра і Паўла, дзе некалькі месяцаў таму адбыўся тэракт, каб памаліцца за забітых хрысціян. Важнымі ў пастырскім плане стануць сустрэчы другога дня візіту: з духавенствам, законнікамі і семінарыстамі, а таксама ўрачыстая Эўхарыстыя.

Афіцыйны прадстаўнік Святога Пасаду падкрэсліў, што Францішак “не наіўны”, ён добра ведае сітуацыю ў Егіпце, ведае пра ўсё, што там адбываецца. Менавіта таму ён хоча прывезці з сабой станоўчае сведчанне. Адсюль жаданне выкарыстоўваць звычайны аўтамабіль.

Бёрк назваў “выдатнай рэччу” прысутнасць у Каіры Патрыярха Канстантынопальскага, Барталамея І. Хоць не чакаецца асобнай сустрэчы паміж ім і Францішкам, сам факт яго прысутнасці з’яўляецца вельмі знакавым.

Апрача “рэлігійнай” часткі прабывання ў Егіпце, Пантыфіка чакае “палітычная” – візіт да Прэзідэнта краіны Абдэля Фаттах аль-Сісі і сустрэча з прадстаўнікамі ўлады.








All the contents on this site are copyrighted ©.