2017-04-24 16:20:00

Францішак: вера без кампрамісаў і ідэалізацыі


Каталіцкая вера патрабуе канкрэтнасці і адмовы ад кампрамісаў і ідэалізацыі, нагадаў папа Францішак 24 красавіка 2017 г. падчас ранішняй св. Імшы ў Ватыкане. У ёй прынялі ўдзел члены Рады кардыналаў па дапамозе Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам.

Пантыфік спаслаўся на літургічныя чытанні панядзелка Другога велікоднага тыдня. Каментуючы Евангелле (Ян 3, 1-8), якое апісвае сустрэчу Езуса з Нікадэмам, Францішак падкрэсліў неабходнасць адраджэння з вады і Святога Духа, і, такім чынам, змены менталітэту. Гэта можна добра зразумець, разважаючы фрагмент з Кнігі Дзеяў Апосталаў (Дз 4, 23-31), у якім гучыць адказ Пятра і Яна сынэдрыёну. “Мы не можам маўчаць пра тое, што бачылі і чулі”, - сказалі тады апосталы (Дз 4, 20). Папа падкрэсліў, што такім чынам яны прадэманстравалі канкрэтнасць веры, якая не ідзе на кампрамісы. “Пётр і Ян мелі мужнасць, шчырасць, адкрытасць у адносінах да Святога Духа, казалі адкрыта, адважна, прапаведвалі праўду без кампрамісаў”, - сказаў Папа.

“Часам мы забываемся, што прырода нашай веры канкрэтная: Слова стала целам. Не стала ідэяй, стала целам. І калі мы кажам “Credo”, агучваем усе гэтыя рэчы канкрэтна: “Веру ў Бога, Айца ўсемагутнага, Стварыцеля неба і зямлі... Веру ў Езуса Хрыста, народжанага, Які памёр...”. Гэта канкрэтныя рэчы! Наша “Credo” ня кажа: “Веру, што я павінен зрабіць гэта ці нешта яшчэ, або, што гэтыя рэчы патрэбныя для нечага...”. Не! Гэта канкрэтныя рэчы. Канкрэтнасць веры прыводзіць да адкрытасці, да сведчання нават мучаніцтвам, якое супрацьстаіць кампрамісам або ідэалізацыі веры”, - сказаў Францішак.

Папа адзначыў, што для кніжнікаў слова стала не целам, а законам, казуістыкай. Ён дадаў, што гэты менталітэт часам таксама ўплывае на людзей Касцёла, якія забыліся пра сілу Святога Духа. Ён заклікаў прысутных на св. Імшы маліцца за вызваляючы досвед Святога Духа, за памазанне канкрэтнасцю веры.

“Вецер дзьме, дзе хоча, і чуеш яго, але не ведаеш, адкуль прыходзіць і куды ідзе. Так і з кожным народжаным ад Духа”: чуе голас, ідзе за ветрам, за голасам Духа, ня ведаючы, куды прывядзе. Таму што абраў канкрэтнасць веры і адраджэнне ў Духу. Няхай Пан дасць нам усім гэты велікодны Дух, Дух, свабодны ад кампрамісаў, пазбаўлены суровасці, са свабодай абвяшчэння Езуса Хрыста, такога, Якім прыйшоў: уцелаўлёнага”, - завяршыў сваю гамілію Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.