2017-04-14 18:35:00

Папскі прапаведнік: у свеце працягвае біцца сэрца Езуса


“Крыж – гэта жывое абвяшчэнне таго, што канчатковая перамога будзе не за тымі, хто трыумфуе над іншымі, а хто трыумфуе над самім сабой; не за тымі, хто нясе пакуты, а хто пакутуе”, - сказаў 14 красавіка 2017 г. прапаведнік Папскага дома, айцец Раньера Канталамеса, у сваёй гаміліі падчас літургіі Мукі Пана з удзелам папы Францішка, якая прайшла ў Ватыкане.

Капуцын заўважыў, што навіны пра гібель людзей прыходзяць кожны дзень. Іх становіцца так шмат, што на наступны дзень забываецца тое, што адбылося ўчора. “Чаму ж праз 2000 гадоў свет яшчэ памятае пра смерць Хрыста, нібыта яна была дзень таму? Бо гэтая смерць назаўсёды змяніла само аблічча смерці; яна дала новы сэнс смерці кожнага чалавека”, - сказаў ён.

Пасля ўваскрасення Хрыста ў свеце працягваецца біцца Ягонае сэрца. “Яно жыве, як і ўсё Ягонае цела, у вымярэнні адрозным ад папярэдняга, сапраўдным, але містычным”, бо Хрыстус, калі ўзышоў на неба, не пакінуў зямлю, як праз уцелаўленне Ён не пакінуў Тройцу, заўважыў прапаведнік.

Паводле яго слоў, Хрыстус прыйшоў у свет, каб змяніць цёмнае сэрца чалавека, якое, у рознай меры, мае кожны. Біблія называе яго “каменным сэрцам”. Гаворка ідзе пра “сэрца, закрытае на Божую волю і пакуты братоў, сэрца, таго, хто назапашвае бязмежные сумы грошай і застаецца абыякавым да адчаю тых, хто не мае шклянкі вады, каб даць свайму сыну. Гэта сэрца таго, хто дазваляе ўласным нячыстым жарсцям панаваць над сабой, гатовы за іх забіваць ці весці двайное жыццё”, - сказаў капуцын і дадаў, што такое сэрца маюць усе слугі Божыя і практыкуючыя хрысціяне, калі яшчэ жывуць, галоўным чынам, “для саміх сябе”, а “не для Пана”.

Прапаведнік спаслаўся на евангельскія словы, якія апісваюць здарэнні ў момант смерці Езуса: “заслона ў святыні разарвалася надвое з верху аж да нізу, і зямля затрэслася, і скалы раскалоліся, і магілы адкрыліся, і многія целы памерлых святых уваскрэслі”. Паводле яго слоў, гэты ўрывак мае не толькі эсхаталагічны сэнс, але ўказвае таксама на тое, што павінна адбыцца ў сэрцы чалавека, які разважае над Мукай Хрыста. 

“Сэрца з плоці, якое Бог абяцаў праз прарокаў, ужо прысутнічае ў свеце: гэта Сэрца Хрыста, прабітае на крыжы, якое мы ўшаноўваем як Найсвяцейшае Сэрца. Прымаючы Эўхарыстыю, мы моцна верым, што гэта сэрца прыходзіць, каб біцца таксама ўнутры нас. Калі зараз будзем углядацца ў крыж, скажам з глыбіні сэрца, як мытнік у святыні: “Божа, будзь міласцівы да мяне, грэшнага” і тады, мы, таксама як ён, вернемся дамоў “апраўданыя”, сказаў айцец Канталамеса на заканчэнне сваёй гаміліі. 








All the contents on this site are copyrighted ©.