2017-04-11 15:13:00

Арцыбіскуп Кандрусевіч пра касцёльныя і грамадскія пытанні


2017 год у Каталіцкім Касцёле ў Беларусі праходзіць пад знакам фацімскіх аб’яўленняў і ўвогуле будзе насычаны падзеямі: восенню адбудзецца сімпозіум, прысвечаны юбілею выдання першай Бібліі Францішкам Скарынай, таксама ў верасні Мінск рыхтуецца прыняць пасяджэнне Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы. Сюды прыедуць каля 50 іерархаў. 

Форум такога роду – гэта і гонар для мясцовага Касцёла, і прэстыж для краіны. Аднак, арганізатары сутыкнуліся з пытаннем: іерарх ці святар з-за мяжы, калі захоча ў краіне правесці літургію, ці павінен будзе атрымаць дазвол ад беларускіх дзяржаўных уладаў, паведаміў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі падчас прэс-канферэнцыі, якая прайшла 11 красавіка 2017 г. у Мінску. 

“Без візы змогуць усе прыехаць, усе так радаваліся гэтай магчымасці, але існуе гэта архаічная норма. Уявіце сабе: прыязджае святар, хоча паглядзець Беларусь, хоча пабываць у розных месцах, цэлебраваць св. Імшу, а працэдура атрымання дазволу доўжыцца каля месяца. Мне хочацца, каб аб Беларусі казалі добра, а не казалі, што нехта прыехаў і не змог адправіць св. Імшу. Мне здаецца, што гэта норма не адпавядае нашаму часу і духу нашага часу”, - выказаў думку іерарх.  

Таксама Касцёл у Беларусі занепакоены апошнімі падзеямі, якія адбыліся ў краіне напрыканцы папярэдняга і пачатку бягучага года: гэта і спроба забараніць насіць нацельны крыж медыцынскім работнікам, і будаўніцтва на тэрыторыі мемарыялу ў Курапатах, і адкліканне дазволу на будаўніцтва касцёла ў Котаўцы. 

Апошняя сітуацыя, як і раней паведамляў арцыбіскуп, падобна да акту, наўмысна скіраванага супраць Касцёла. “Да гэтага часу мы не маем дазволу, і я не ведаю да канца года ці атрымаем яго. Гэта факт. Той, хто кажа, што атрымаем новы надзел, не разумее, што гэта не шахматная дошка, дзе можна фігуры перастаўляць. Гэта нанова трэба ўсё прайсці: новыя праекты, праца, разлікі, не так проста ўсё”, - распавёў іерарх апошнія звесткі аб справе мінскай парафіі Апосталаў Пятра і Паўла і св. Яўгена дэ Мазэно. 

Таксама беларускі іерарх нагадаў, што менавіта зараз, падчас Вялікага посту, вернікі павінны думаць аб прымірэнні і пакаянні. Гэта асабліва важна, калі грамадскасць переажывае напружанасць з-за эканамічных і сацыяльных праблем. ”Цэлы комплекс праблем, над якім трэба працаваць і сумесна іх вырашаць. Магчыма, надыйшоў час, як запрапанавалі некаторыя, круглага стала. Патрэбны дыялог, не трэба пытанні на вуліцы вырашаць. І кожны бок павінен выслухаць іншы, каб сумесна знайсці рашэнне”, - заклікаў арцыбіскуп Кандрусевіч. 

Што тычыцца іншых падзей, то адказвыючы на пытанне аб справе стварэння каталіцкай тэалагічнай акадэміі, старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі нагадаў, што гэта перспектыва далёкая, але дасяжная. Ёсць нават прапанова пайсці ў напрамку арганізацыі навучання эканоміцы, якая базуецца на хрысціянскіх каштоўнасцях, а такія прыклады ёсць за мяжой. 

Віншуючы журналістаў з надыходзячым Вялікаднем, арцыбіскуп Мінска-Магілёўскі нагадаў, што галоўнае у гэтыя дні – не святочны стол, а ўдзел у літургіі, пакаянне і прабачэнне адно аднаму.








All the contents on this site are copyrighted ©.