Пантыфік прыняў 10 красавіка 2017 г. у Ватыкане членаў італьянскага Нацыянальнага камітэта па біябяспецы, біятэхналогіях і навуках аб жыцці. Гэта структура, заснаваная пры Прэзідыуме Савета Міністраў, адзначае сёлета сваё 25-годдзе.
Францішак спаслаўся на пачатак Кнігі Быцця і нагадаў, што культура ў галіне навукі і біятэхналогій нясе ў сабе ідэю “вырошчвання” і базуецца на чалавечай вынаходлівасці. “Мы не можам забывацца, што біблійны тэкст таксама запрашае да “клопату” пра сад свету”, што “мае на ўвазе адносіны ўзаемнай адказнасці паміж чалавекам і прыродай”, нагадаў Папа і заклікаў навукоўцаў прадухіляць негатыўныя наступствы, якія могуць прывесці да скажонага выкарыстання ведаў і маніпуляцый, звязаных з чалавечым жыццём.
Прынцып адказнасці Пантыфік назваў краевугольным каменем чалавечай дзейнасці, паколькі
за сваю дзейнасць або бяздзейнасць чалавек павінен адказваць перад самім сабой, іншымі
людзьмі і ў канчатковым рахунку перад Богам. Навуковыя тэхналогіі паклалі ў рукі “чалавека
велізарную сілу, таму асноўнай рызыкай з’яўляецца тут небяспека злоўжывання гэтай
сілай.
Францішак звярнуў увагу на небяспеку сітуацыі, калі ўзаемадзеянне паміж тэхналагічнай
моцай і эканамічнай уладай пачынае ўплываць на лад жыцця і сацыяльныя тэндэнцыі ў
напрамку прыбытку некалькіх прамысловых і камерцыйных груп са шкодай для насельніцтва
і бедных краін. Таму важна прыйсці да гарманічнага ўзаемадзеяння розных складаючых:
навуковых, прамысловых, этычных, сацыяльных, эканамічных і палітычных. Гэта будзе
садзейнічаць устойліваму развіццю, што паважае “агульны дом”. Гэта гарманічнае спалучэнне
патрабуе сціпласці, мужнасці і адкрытасці людзей навукі.
На заканчэнне сустрэчы Папа нагадаў, што навука і тэхналогіі створаны для чалавека і для ўсяго свету, а не наадварот. Яны павінны служыць годнаму і здароваму ладу жыцця для ўсіх, зараз і ў будучыні. Ён заклікаў Камітэт ініцыяваць і падтрымліваць працэсы кансенсусу сярод навукоўцаў, тэхнолагаў, прадпрымальнікаў і прадстаўнікоў устаноў, а таксама вызначыць стратэгіі для павышэння інфармаванасці грамадскасці па пытаннях, якія нараджаюцца ў выніку распрацовак у галіне біябяспекі і біятэхналогій.
All the contents on this site are copyrighted ©. |