2017-04-09 11:42:00

Папа: Езус просіць убачыць Яго ў пакутуючых


Езус прысутны ў многіх нашых сучасніках, якія пакутуюць, як Ён, падкрэсліў Францішак 9 красавіка 2017 г. падчас Эўхарыстыі ў Пальмовую нядзелю. Літургія гэтага дня "мае падвойны водар: салодкі і горкі. Яна адначасова радасная і пакутная, бо ў ёй цэлебруецца ўваход у Ерузалем Пана, якога вучні абвясцілі Каралём, а ў той жа час, яна ўрачыста абвяшчае евангельскае апавяданне пра Ягоную муку”, заўважыў Папа. 

Францішак нагадаў, што на працягу апошніх 32 гадоў радаснае вымярэнне гэтай Нядзелі было ўзбагачана святам моладзі: Сусветным днём моладзі, які сёлета святкуецца на дыяцэзіяльным узроўні. На заканчэнне св. Імшы юнакі і дзяўчаты з Кракава перадалі крыж – сімвал форума – сваім аднагодкам з Панамы, дзе ён пройдзе ў 2019 г. 

Спасылаючыся на літургічны евангельскі ўрывак, які кажа пра радаснае вітанне Езуса людзьмі ў Ерузалеме, Францішак падкрэсліў, што Хрыстус, “не з’яўляецца летуценікам, які распаўсюджвае памылкі, прарокам “new age”, гандляром дыму, але зусім іншым: Ён – поўны рашучасці Месія, з канкрэтным абліччам слугі, слуга Божы і чалавек, які ідзе на муку. Ён – вялікі Цярплівец чалавечага болю”.

Папа заклікаў вернікаў падумаць пра цярпенні, які Хрыстус павінен будзе спазнаць на працягу Вялікага тыдня. “Падумаем пра паклёпы, знявагі, падманы, здрады, пакінутасць, адзінадушнае асуджэнне, пабоі, бічаванне, цярновую карону... і нарэшце пра Крыжовы шлях аж да ўкрыжавання”, - дадаў Пантыфік.

“Ён ясна казаў пра гэта сваім вучням: “Калі хто хоча пайсці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе, возьме крыж свой і ідзе за Мною”. Ён ніколі не абяцаў ушанаванняў і поспеху. Евангеллі ясна кажуць пра гэта. Ён заўсёды папярэджваў сваіх вучняў, што Яго шлях такі, і што канчатковая перамога павінна адбыцца праз муку і крыж. Гэта тычыцца таксама і нас. Каб верна ісці за Езусам, папросім аб ласцы, каб рабілі гэта не на словах, а праз учынкі, і каб мелі цярплівасць для нясення нашага крыжа: не адмаўляліся ад яго, не адкідвалі яго, але, гледзячы на Пана, прымалі яго і неслі, кожны дзень”, - сказаў Святы Айцец.

Паводле Францішка, Езус просіць убачыць яго ў пакутуючых, а не толькі на карцінах, фотаздымках або відэаматэрыялах, якія вандруюць па інтэрнэце. “Не. Ён прысутны ў многіх нашых братах і сёстрах, якія сёння пакутуюць, як Ён: пакутуюць ад рабскай працы, сямейных трагедый, хваробаў... Яны пакутуюць ад войнаў і тэрарызму, ад інтарэсаў тых, хто прыводзіць у дзеянне зброю і ўдарае ёй. Мужчыны і жанчыны падманутыя, пазбаўленыя сваёй годнасці, адчужаныя... Езус ёсць у іх, у кожным з іх, і з гэтым скажоным абліччам, з гэтым надрывам просіць, каб быць убачаным, заўважаным, любімым”, - сказаў Папа.

Святы Айцец падкрэсліў, што Езус заўсёды адзін і той жа. "Ён той самы, які ўвайшоў у Ерузалем пад узмахі пальмовых і аліўкавых галінак.  Ён той самы Езус, які быў прыбіты да крыжа і памёр паміж двума злачынцамі. Мы не маем іншага Пана па-за Ім: Езус, пакорны Кароль справядлівасці, міласэрнасці і міру”, - сказаў Францішак на заканчэнне сваёй гаміліі.








All the contents on this site are copyrighted ©.