2017-04-06 14:47:00

Пантыфік: Бог трымае слова, дадзенае Абрагаму


Хоць на хвіліну спыніцца, каб задумацца аб харастве любові Бога, Яго міласэрнасці і прыгажосці надзеі, заклікаў вернікаў Папа 6 красавіка 2017 г. падчас ранішняй св. Імшы ў капліцы Дома св. Марты. У сваёй гаміліі ён спаслаўся на літургічныя чытанні, якія апісваюць Божы запавет з Абрагамам (Быц 17, 3-9) і выкананне гэтага запавета ў Езусе (Ян 8, 51-59).

Францішак нагадаў, што і фарысеі, і Езус у Евангеллі называць Абрагама айцом, таму што ён стаіць у пачатку народа, які завецца Касцёлам. Ён быў чалавекам веры і надзеі, быў летуценнікам, поўным надзеі. Гэта праявілася нават тады, калі Бог запатрабаваў у яго прынесці ў ахвяру сына: ён быў паслухмяным і пайшоў наперад супраць усякай надзеі. Абрагам быў напоўнены радасцю абяцання запавету, калі ўбачыў, што Бог не ашукаў, што памятае пра ўсё.

Папа адзначыў, што Касцёл у сваёй літургіі запрашае паглядзець на карані нашай веры. “Бо мы не самотныя, належым да народу, Касцёла, да людзей, аб якіх марыць Бог, да людзей, народжаных ад зямнога айца, які быў паслухмяным. І ў нас ёсць Брат, Які даў нам сваё жыццё, каб зрабіць нас народам. Такім чынам, мы можам глядзець на Айца і дзякаваць; глядзець на Езуса і быць удзячнымі, а таксама глядзець на Абрагама і на сябе, бо мы з’яўляемся часткай пілігрымкі”, - сказаў Пантыфік.

Францішак запрасіў вернікаў падумаць, што ў гэтай вялікай гісторыі, як частка гісторыі Бога і Езуса, месціцца невялікая гісторыя кожнага з людзей. “Варта застацца на працягу 5-10 хвілін у цішыні, без радыё і тэлевізара, падумаць пра нашу гісторыю, шчаслівыя і непрыемныя моманты, пра атрыманыя ласкі і нашы грахі, каб заўважыць у іх вернасць Бога”, - адзначыў Святы Айцец. 

“Я ўпэўнены, што сярод многіх дрэнных рэчаў – таму што ўсе мы маем так шмат дрэнных рэчаў у жыцці – калі мы гэта зробім сёння, выявім хараство Божай любові, Яго ласкі, прыгажосці, надзеі. І я ўпэўнены, што мы ўсе будзем напоўнены радасцю”, - завяршыў сваю гамілію Францішак.








All the contents on this site are copyrighted ©.