2017-04-05 13:54:00

Францішак прыняў спадкаемца брытанскага прастола


Пантыфік сустрэўся 4 красавіка 2017 г. з прынцам Валійскім Чарльзам і герцагіняй Корнуольскай Камілай. Гэта быў чацвёрты візіт Яго Каралеўскай Высокасці ў Ватыкан і першая сустрэча з папам Францішкам.
 
Сустрэча была нефармальнай, аднак бакі паспелі абмеркаваць шэраг пытанняў, “якія ўяўляюць узаемную цікавасць”. Францішак падарыў гасцям з Вялікабрытаніі бронзавы медальён, на якім змешчаны аліўкавыя галіны – сімвал міру. Спадкаемец брытанскага прастола ўручыў Пантыфіку кошык з прадуктамі, вырабленымі на каралеўскай ферме. Падораная ежа прызначана для размеркавання сярод рымскіх беднякоў і бяздомных. У папярэдні раз, у 2014 годзе, прынц Чарльз прывозіў у Ватыкан мёд, печыва і шатландскі віскі.
 
Ватыканскі візіт прынца і герцагіні ў ключыў таксама сустрэчу з кардыналам Дзяржсакратаром Пьетра Паралінам і наведанне Ватыканскага сакрэтнага архіву і Ватыканскай апостальскай бібліятэкі, дзе яны мелі магчымасць убачыць некалькі каштоўных гістарычных дакументаў пра сувязі Святога Пасаду і Вялікабрытаніі.








All the contents on this site are copyrighted ©.