2017-04-05 15:37:00

Папа: рабіць дабро нават тым, хто нас не любіць і шкодзіць


Быць на баку самых апошніх, не адказваць злом на зло, але дараваць, заклікаў Папа 5 красавіка 2017 г. падчас агульнай аўдыенцыі. У сваёй катэхезе ён спаслаўся на ўрывак з Першага Паслання св. Пятра (1 П 3, 8-17), у якім апостал заклікае хрысціян даць адказ кожнаму, хто патрабуе ад іх слова пра іх надзею. 

Францішак адзначыў, што гэта кніга Новага Запавету натхняе спакоем і суцяшэннем, паказваючы, што Пан заўсёды побач і ніколі не пакідае нас, асабліва ў самыя далікатныя і самыя цяжкія моманты. У сваім разважанні Пантыфік прапанаваў даць адказ на пытанне: “У чым сакрэт гэтага Паслання?”.

“А сакрэт заключаецца ў тым, што Пасланне непасрэдна караніцца ў пасхальнай падзеі, у сэрцы таямніцы, да блізкага перажывання якой мы рыхтуемся, бачачы, такім чынам, усё святло і радасць, якія вынікаюць з смерці і ўваскрасення Хрыста. Хрыстус сапраўды ўваскрос. Гэта прыгожае прывітанне, якое мы выкарыстоўваем у Вялікадзень: Хрыстус уваскрос! Так робяць у многіх краінах. Напамін сабе: Хрыстус жывы і Ён сярод нас. Ён жыве і жыве ў кожным з нас. Менавіта таму Пётр заклікае нас цвёрда, каб мы аддавалі Яму пашану ў нашых сэрцах. Тут Пан пасяліўся ў момант нашага хросту, і з таго часу пастаянна абнаўляе нас і наша жыццё, напаўняючы нас сваёй любоўю і паўнатой свайго Духа”, - падзяліўся Пантыфік. 

І менавіта па гэтай прычыне апостал заклікае даць адказ кожнаму, хто патрабуе ад нас слова пра нашу надзею. А наша надзея, гэта не канцэпцыя, і не пачуццё, яна не звязана, напрыклад, з багаццем, заўважыў Францішак і патлумачыў: “Наша надзея – гэта Асоба, Пан Езус, Якога мы прызнаем жывым і прысутным у нас і ў нашых братах, таму што Хрыстус уваскрос”. Тут Папа ўзгадаў славянскія народы, якія ў велікодны перыяд, замест “дзень добры”, вітаюцца менавіта гэтымі словамі: “Хрыстус Уваскрос!”, і робяць гэта з радасцю.

“Мы разумеем, што гэту надзею трэба не столькі абгрунтоўваць на тэарэтычным узроўні, словамі, колькі, перш за ўсё, праз сведчанне жыцця, як у хрысціянскай супольнасці, так і за яе межамі. Калі Хрыстус жывы і жыве ў нас, у нашых сэрцах, мы павінны дазволіць Яму праявіцца, каб дзейнічаў у нас. Гэта азначае, што Пан Езус павінен станавіцца ўсё больш і больш нашай мадэллю жыцця, што мы павінны навучыцца паступаць так, як рабіў гэта Ён. Рабіць тое ж, што і Езус. Таму надзея, што жыве ў нас, не можа быць схавана ўнутры, у нашых сэрцах: яна была б у такім выпадку слабой надзеяй, якой не хапае смеласці, каб выйсці і быць бачнай”, - адзначыў Святы Айцец. 

Папа дадаў, што гэта знешняе праяўленне надзеі абавязкова павінна рэалізавацца праз далікатную мяккасць, павагу і дабрыню ў адносінах да бліжніх, аж да даравання тым, хто нас пакрыўдзіў. 

“Чалавек, які не мае надзеі, не можа дараваць. Ён не можа даць прабачлівага суцяшэння і мець гэта прабачлівае суцяшэнне. Так, таму, што Езус рабіў і да сённяшняга дня робіць гэта праз тых, хто дае Яму месца ў сваім сэрцы і сваім жыцці, хто ведае, што зло пераможаш не злом, а пакорай, лагоднасцю і міласэрнасцю. Мафіёзі лічаць, што зло можа быць пераможана злом, і таму помсцяць і робяць многія іншыя рэчы, аб якіх мы ўсе ведаем. Але яны не ведаюць, што такое пакорлівасць, лагоднасць і міласэрнасць. А чаму гэта адбываецца? Паколькі мафіёзі не маюць ніякай надзеі! Падумайце пра гэта...”, - запрасіў Францішак.

Папа заўважыў, што св. Пётр кажа выразна, што “лепей цярпець за добрыя ўчынкі, чым за благія”. І гэта зусім не азначае, што пакутаваць добра: калі мы пакутуем за добрыя ўчынкі, мы знаходзімся ў камуніі з Панам, Які дабравольна пагадзіўся пакутаваць і быць прыбітым да крыжа дзеля нашага збаўлення. Францішак лічыць, што калі чалавек пагаджаецца пакутаваць за дабро, ён “рассыпае вакол сябе насенне ўваскрасення і жыцця, робіць так, што сярод змроку ззяе святло Пасхі”. 

Святы Айцец заўважыў, што наша благаслаўленне, скіраванае ў бок іншых, гэта не фармальнасць і не толькі знак ветлівасці; гэта выдатны дар, які мы атрымалі першымі і якім можам падзяліцца з іншымі, “гэта абвяшчэнне Божай любові, любові без меры, невычэрпнай, якой заўсёды ўдосталь, якая з’яўляецца рэальнай падставай нашай надзеі”.

“Кожны раз, калі мы знаходзімся на баку апошняга і пакінутага, або калі адказваем не злом на зло, але дараваннем, без помсты, даруючы і благаслаўляючы, кожны раз, калі мы робім гэта, ззяем як жывыя і яркія знакі надзеі, становячыся такім чынам інструментамі суцяшэння і спакою, паводле Божага сэрца”, - завяршыў сваё разважанне Папа, запрашаючы рабіць дабро, нават тым, хто нас не любіць і нам шкодзіць.








All the contents on this site are copyrighted ©.