2017-04-03 13:42:00

Папа: наследаваць Езуса ў міласэрнасці і дараванні іншым


Наследаваць Езуса, Які судзіць міласэрна і даруе людзям грахі, заклікаў Францішак 3 красавіка 2017 г. падчас ранішняй св. Імшы ў капліцы ватыканскага Дому св. Марты. У сваёй гаміліі Папа спаслаўся на літургічныя чытанні: пра змову бязбожных суддзяў супраць Зузаны і пра яе выратавальніка Даніэля (Дан 13, 41-62) і пра жанчыну, якую злавілі на чужаложстве і якую вызваліў Езус (Ян 8, 1-11).

Гаворачы пра ілжыва абвінавачаную Зузану, Папа адзначыў, што яна была пастаўлена перад выбарам паміж вернасцю Богу і закону і жаданнем выратаваць сваё жыццё. Але як і ў выпадку з кніжнікамі і фарысеямі, якія вінавацілі чужаложную жанчыну, мы маем справу з упартасцю і глыбокай дэмаралізацыяй суддзяў, заўважыў ён.

“У свеце заўсёды былі такія дэмаралізаваныя суддзі... І сёння іх хапае ў розных частках свету”, - дадаў Пантыфік. Іншая сітуацыя, калі гучыць прызнанне: “Я зграшыў, я ўпаў, я быў няверны Богу, але цяпер я стараюся не грашыць, або прабую прымірыцца з Богам, ці, па меншай меры, я ведаю, што зробленае мной, не добра”, і абсалютным непрызнаннем свайго граху.

Папа адзначыў, што ў выпадку Зузаны два старэйшыны былі глыбока дэмаралізаваныя пажадлівасцю, пагражаючы ілжывымі абвінавачваннямі. Ён нагадаў таксама, што Езус быў прысуджаны да смерці на падставе ілжывых паказанняў. Кніжнікі і фарысеі, дадаў Францішак, стварылі настолькі строгае тлумачэнне закона, што там не засталося месца для Святога Духа, таму гаворка тут ідзе пра заганнасць легалізму супраць дзеяння Божай ласкі. У гэтай сітуацыі з’яўляецца Езус, праўдзівы настаўнік закона перад ілжывымі суддзямі, якія выдавалі несправядлівыя прысуды, асуджаючы нявінных і апраўдваючы злачынцаў.

Езус кажа няшмат: “Хто без граху, няхай першы кіне ў яе камень”. А да грэшніцы: “Я не асуджаю цябе; ідзі, і адгэтуль больш не грашы”. І гэта выкананне Закону, а не тое, што рэалізавалі кніжнікі і фарысеі, якія не заставілі месца Божай міласэрнасці. Езус ёсць выкананнем Закону; Ён судзіць міласэрна, заўважыў Францішак.

Пантыфік заклікаў кожнага, выявіць у сабе злосць, з якой ацэньваем іншых людзей, робячы гэта праз прызму нашай сапсутасці. “Ці і мы не дэмаралізаваныя? (...) Давайце спынімся. Давайце не будзем рабіць зло. І паглядзім на Езуса, Які заўсёды судзіць міласэрна!”, - завяршыў сваю гамілію Папа.








All the contents on this site are copyrighted ©.