2017-04-01 14:49:00

Пантыфік да святароў: бяжыце ад касцёльнага кар’ерызму


Пантыфік сустрэўся 1 красавіка 2017 г. у Ватыкане з настаяцелямі і навучэнцамі Папскага іспанскага калегіўма. Нагодай стала 125-я гадавіна яго заснавання. Гэты інстытут быў народжаны з пакліканнем стаць арыенцірам у падрыхтоцы духавенства, нагадаў Францішак. Ужо ў самым пачатку сустрэчы ён заклікаў кожнага з прысутных у ватыканскай Клеменційскай зале задаць сабе пытанне: у чым Божая воля адносна мяне і чаго Бог чакае ад мяне?

Лейтматывам разважання Папы стала цытата з Евангелля св. Марка: “Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душой тваёй, і ўсім розумам тваім, і ўсёй моцаю тваёй” (Мк 12,30).

Усім сэрцам і ўсёй душой, паводле Пантыфіка, азначае ангажаванне ўсяго ўнутранага патэнцыялу без агаворак і без ілжывых iнтарэсаў, не шукаючы сябе і асабістага поспеху. У адзіночку, лічыць ён, не ўяўляецца магчымым расці ў гэтай любові. Менавіта таму Пан заклікаў духоўных асоб быць супольнасцю, у якой прысутнічае Святы Дух. Перад святаром стаіць пастаянная задача пераадольваць індывідуалізм і шукаць адзінства, што з’яўляецца прыкметай прысутнасці Бога ў жыцці супольнасці.

Любіць усім розумам, гэта гатоўнасць прапанаваць жыццё для іншых, гэта стаўленне, якое павінна ахопліваць усю істоту чалавека. Фарміраванне святара, падкрэсліў Пантыфік, не можа быць проста акадэмічным, хоць гэта вельмі важна і неабходна, яно павінна быць усёабдымным працэсам, які ахоплівае кожны аспект жыцця. Навучанне павінна служыць росту і набліжэнню да Бога і братоў. 

І, нарэшце, любіць усёй моцаю, нагадвае нам, што там, дзе скарб твой, там будзе і сэрца тваё (Мц 6, 21), сказаў Святы Айцец. І гаворка тут пра “нашы малыя рэчы”, у якіх трэба заставацца верным Богу. Святар, звярнуў увагу ён, не можа здавольвацца спарадкаваным і камфортным жыццём, што дазваляе яму жыць без клопатаў, не адчуваючы неабходнасці культываваць дух беднасці, які ляжыць у Сэрцы Хрыста. Ён павінен жыць у сапраўднай свабодзе дзяцей Божых, у правільных адносінах з светам і зямнымі дабротамі, па прыкладзе апосталаў. Вучань Хрыста павінен навучыцца дзякаваць за тое, што мае, і ўмець шчодра і добраахвотна дзяліцца гэтым з беднымі і слабымі. 

Францішак заклікаў настаяцеляў і навучэнцаў Папскага іспанскага калегіўма праз прастату і строгасць жыцця заставацца прыхільнікамі сапраўднай сацыяльнай справядлівасці. “І, калі ласка, бяжыце ад касцёльнага кар’ерызму – гэта чума”, - пажадаў на заканчэнне Папа.








All the contents on this site are copyrighted ©.