2017-03-28 11:59:00

Папа да ААН: ліквідацыя ядзернай зброі – маральны імператыў


Міжнародная раўнавага, заснаваная на прынцыпе ядзернага стрымлівання, не з’яўляецца ўстойлівай, бо павялічвае страх і пагражае даверлівым адносінам паміж народамі, заўважыў Святы Айцец у пасланні да ўдзельнікаў Міжурадавых перамоваў па распрацоўцы тэкста канвенцыі аб забароне і поўнай ліквідацыі ядзернай зброі, якія праходзяць 27-31 сакавіка 2017 г. на Генеральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку. 

У сваім звароце Пантыфік нагадаў, што згодна са статутам ААН, міжнародным фундаментам з’яўляецца мір, мірнае вырашэнне супярэчнасцей і развіццё сяброўскіх адносін паміж народамі. “Этыка і права, заснаваныя на пагрозе ўзаемнага знішчэння – і патэнцыйна ўсяго чалавецтва – супярэчаць самому духу Арганізацыі Аб’яднаных Нацый”, - падкрэсліў Папа.

Ядзерная зброя, паводле яго слоў, з’яўляецца бескарыснай перад абліччам галоўных выклікаў сучаснасці: тэрарызму, асіметрычных канфліктаў, пагрозаў кібербяспецы, праблем навакольнага асяроддзя, беднасці. Наступствы яе выкарыстання з’яўляюцца катастрафічнымі для людзей і экалогіі, а рэсурсы на яе вытворчасць можна было б накіраваць на больш значныя мэты, такія як спрыянне міру, цэласнае чалавечае развіццё, барацьбу з беднасцю і дасягненне Мэтаў устойлівага развіцця, перакананы Пантыфік.

“Мір павінен будавацца на справядлівасці, цэласным чалавечым развіцці, павазе да фундаментальных правоў чалавека, ахове стварэння, удзеле ўсіх у публічным жыцці, даверы паміж народамі, прасоўванні мірных структур, доступе да адукацыі і сферы аховы здароўя, дыялогу і салідарнасці. У гэтай перспектыве мы павінны ісці далей за ядзернае стрымліванне: міжнародная супольнасць паклікана прыняць дальнабачныя стратэгіі, каб садзейнічаць дасягенню міра і стабільнасці і пазбягаць блізарукіх падыходаў да праблем нацыянальнай і міжнароднай бяспекі”, - напісаў Святы Айцец.

Францішак падкрэсліў, што ліквідацыя ядзернай зброі з’яўляецца выклікам, а таксама маральным і гуманітарным імператывам. У гэтым кантэсце неабходна разважаць аб этыцы міру і сумеснай шматбаковай бяспецы, якая будзе пераўзыходзіць “страх” і “ізаляцыянізм”; усведамляць, што “усё звязана”, у святле інтэгральнай экалогіі; а таксама імкнуцца да дыялогу, будавання і кансалідацыі механізмаў даверу і супрацоўніцтва.

Папа заклікаў да дыялогу ўсіх: ядзерныя дзяржавы, краіны, якія не валодаюць гэтым відам зброі, вайсковы і прыватны сектар, рэлігійныя і грамадзянскія супольнасці, міжнародныя арганізацыі. “Чалавецтва здольнае працаваць разам дзеля будавання нашага супольнага дому; мы маем свабоду, розум, здольнасць кіраваць тэхналогіямі, а таксама абмяжоўваць нашу моц і ставіць яе на службу іншага роду прагрэсу: больш чалавечага, больш сацыяльнага і больш цэласнага”, - выказаў перакананасць Святы Айцец.

Пасланне Францішка на перамовах у Генеральнай Асамблеі ААН было зачытана 28 сакавіка 2017 г. кіраўніком ватыканскай дэлегацыі на форуме, кс. Антуанам Камільеры, намеснікам сакратара па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі.








All the contents on this site are copyrighted ©.