2017-03-24 12:33:00

Францішак – чацвёрты Пантыфік у Мілане за шэсць стагоддзяў


Толькі чатыры Пантыфікі наведалі Мілан на працягу апошніх шасці стагоддзяў. Пра гэта нагадала італьянская „Corriere della Sera” перад візітам Францішка ў сталіцу Ламбардыі, які адбудзецца ў суботу 25 сакавіка 2017 г. Першым быў Марцін V у 1418 г. Два візіты здзейсніў сюды Ян Павел II у 1983 і 1984 гадах, аднойчы тут быў Бэнэдыкт XVI – у 2012 г.

Візіт Францішка ў Мілан прадугледжвае сустрэчу з сем’ямі рэгіёна, наведзіны архікатэдральнага касцёла, дзе яго прывітаюць дапаможныя біскупы і члены капітула мітраполіі, малітву ля грабніцы св. Карла, сустрэчу з мясцовым духавенствам і законнікамі. Апрача таго Папа адправіцца ў мясцовую турму, каб наведаць зняволеных і паабедаць з імі. У гарадскім парку ён узначаліць Эўхарыстыю, а на стадыёне “Сан-Сіра” сустрэнецца з маладымі людзьмі, якія рыхтуюцца прыняць сакрамэнт канфірмацыі.

Нядаўна Францішак даў інтэрв’ю міланскаму часопісу “Scarp de 'tenis” (Красоўкі), які выпускаюць пры дапамозе дабрачыннай каталіцкай арганізацыі “Caritas” бяздомныя і затым распаўсюджваюць на вуліцах. У ім Папа прызнаўся, што не ведае Мілана, дзе бываў толькі аднойчы праездам у 1960-х гадах.

Пантыфік рэгулярна запрашае патрабуючых і бяздомных на сустрэчы, у тым ліку ва ўласны дзень нараджэння, дэманструючы тым самым сваё асаблівае стаўленне да іх. Яго прыклад пачынаюць пераймаць, і не толькі ў Касцёле. Не так даўно прэм’ер-міністр Італіі Паола Джэнцілоні менавіта ў Мілане паабедаў у адной з дабрачынных арганізацый разам з пенсіянерамі, мігрантамі і бяздомнымі.








All the contents on this site are copyrighted ©.