2017-03-24 22:48:00

Папа да еўрапейскіх палітыкаў: інвеставаць у сям'ю і моладзь


Адзінства, салідарнасць, павага да жыцця і сям’і, хрысціянскія карані Еўропы, праца, моладзь і гасціннасць да мігрантаў – гэта галоўныя тэмы звароту папы Францішка да 27 кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў краін-членаў Еўрасаюза. Святы Айцец прыняў іх на аўдыенцыі вечарам 24 сакавіка 2017 г. у Апостальскім палацы Ватыкана.

У сваёй прамове Пантыфік нагадаў, што заснавальнікі Еўрасаюза марылі не толькі аб матэрыяльным дабрабыце яго жыхароў, эканамічнай экспансіі, новых прамысловых і гандлёвых магчымасцях, але аб кантыненце, дзе палітыка, эканоміка і культура адпавядалі б узроўню чалавека. 

Ён пажадаў, каб Еўропу натхняў дух салідарнасці, а таксама адкрытасць да шматлікіх “мужчын, жанчын і дзяцей, якія ўцякаюць ад вайны і беднасці і просяць толькі аб магчымасці будучыні для сябе і сваіх блізкіх”.

Святы Айцец падкрэсліў, што “на пачатку еўрапейскай цывілізацыі знаходзіцца хрысціянства, без якога заходнія каштоўнасці годнасці, свабоды і справядлівасці становяцца з большага незразумелымі”. Яшчэ св. Ян Павел ІІ казаў, што “сёння душа Еўропы застаецца адзінай, бо, акрамя свайго супольнага паходжання, жыве сапраўднымі хрысціянскімі і чалавечымі каштоўнасцямі, такімі як: годнасць чалавечай асобы, глыбокае адчуванне справядлівасці і свабоды, працавітасць, дух ініцыятывы, любоў да сям’і, павага да жыцця, талерантнасць, жаданне супрацоўнітва і міру, якія з’яўляюцца рысамі, што яе характарызуюць”, сказаў Папа.

Францішак нагадаў, што будуючы мір неабходна пачынаць з сацыяльнай справядлівасці. Паводле яго слоў, сёння Еўропа зможа адшукаць надзею, калі адкрыецца на патрэбы моладзі, даючы ёй сур’ёзныя перспектывы адукацыі, рэальныя магчымасці ўваходу ў свет працы; калі будзе інвеставаць у сям’ю, якая з’яўляецца першай і фундаментальнай ячэйкай грамадства; калі будзе паважаць сумленне і ідэалы сваіх грамадзян; калі будзе гарантаваць магчымасць заводзіць дзяцей без страху за іх утрыманне; калі будзе бараніць жыццё ва ўсёй яго сакральнасці.

На заканчэнне прамовы Святы Айцец далучыўся да словаў люксембургскага палітыка Жозэфа Беша, аднаго з заснавальнікаў Еўрасаюза: “Думаю, што Еўропа заслугоўвае таго, каб быць пабудаванай”.   

Кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў краін-членаў Еўрапейскага саюза, якіх прымаў Пантыфік, прыбылі ў Вечны горад на святкаванне 60-годдзя Рымскай дамовы і з нагоды спецыяльнага саміту ЕС, які павінен даць яму новы напрамак пасля “Brexit”. 








All the contents on this site are copyrighted ©.