2017-03-23 12:15:00

Францішак: слухаць Божае слова, каб не зацвярдзела сэрца


Слухаць Божае слова, каб не зацвярдзела сэрца, заклікаў папа Францішак 23 сакавіка 2017 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў капліцы сваёй ватыканскай рэзідэнцыі. Паводле яго слоў, калі вернікі аддаляюцца ад Бога і становяцца глухімі да Яго слова, становяцца “нявернымі католікамі”, або нават “католікамі-атэістамі”.

Францішак перакананы ў тым, што чалавек, які не слухае Божага голасу, пачынае слухаць “іншыя галасы”. “Усе мы, калі крыху спынімся і зірнём у сваё сэрца, убачым колькі разоў – колькі разоў! – закрывалі вушы і колькі разоў станавіліся глухімі. Калі народ, супольнасць, у тым ліку хрысціянская, калі парафія, дыяцэзія, закрывае вушы і становіцца глухой да Божага слова, тады шукае іншыя галасы, іншых гаспадароў і даходзіць да пакланення ідалам, якіх прапануе свет, марнасць і грамадства. Тады аддаляецца ад жывога Бога”, - сцвердзіў Святы Айцец.

Паводле Папы, калі чалавек аддаляецца ад Бога, яго сэрца становіцца цвёрдым і закрытым, ён пачынае жыць у атмасферы, якая яму шкодзіць. Вернікі з цвёрдымі сэрцамі і глухія да Божага слова губляюць пачуццё шчасця.

Такія людзі, па словах Францішка, жывуць у стане дэзарыентацыі, не ведаюць дзе Бог і блытаюць Яго з сатаной. У якасці прыкладу такой сітуацыі ён указаў на евангельскае апавяданне (Лк 11, 14-23), у якім гаворыцца пра людзей, якія думалі, што Езус здзяйсняе цуды сілай Бэльзэбула, князя дэманаў.

Папа заклікаў вернікаў зрабіць рахунак сумлення і задумацца пра тое, ці сапраўды яны ўважліва чытаюць і слухаюць Божае слова, ці не аддаляюцца ад Бога, і ці не пакланяюцца ідалам гэтага свету.








All the contents on this site are copyrighted ©.