2017-03-19 13:16:00

Пантыфік: Вялікі пост – нагода для сустрэчы з Езусам


Час Вялікага посту з’яўляецца добрай нагодай, каб наблізіцца да Хрыста, сустрэць Яго ў малітве і дыялогу сэрцам да сэрца, сказаў папа Францішак 19 сакавіка 2017 г. перад малітвай “Анёл Панскі” у Ватыкане.

“Евангелле трэццяй нядзелі Вялікага посту, прадстаўляе нам дыялог Езуса з самаранкай (пар. Ян 4,5-42). Сустрэча адбываецца ў той час, калі Езус праходзіць праз Самарыю, рэгіён паміж Юдэяй і Галілеяй, дзе пражывалі людзі, якімі юдэі пагарджалі, бо лічылі іх схізматыкамі і ератыкамі. Але менавіта яны аднымі з першых далучацца да хрысціянскага прапаведвання апосталаў. У той час як вучні адышлі ў горад купіць ежы, Езус застаўся пры студні і спытаў піць у жанчыны, якая прыйшла сюды зачарпнуць вады. З гэтай просьбы пачаўся дыялог. “Як юдэй адважыўся прасіць нешта ў самаранкі?”. Езус адказаў: калі б ты ведала хто Я, і які дар маю для цябе, то сама прасіла б у Мяне “жывой вады”, якая спаталяе любую прагу і становіцца невычэрпнай крыніцай у сэрцы таго, хто яе п’е (Ян 4,10-14).

Ісці да студні і чэрпаць ваду ўтомна і нудна; было б цудоўна мець побач крыніцу, якая б’е! Але Езус кажа пра іншую ваду. Калі жанчына пачала думаць, што чалавек з якім размаўляе – гэта прарок, раскрыла Яму сваё жыццё і стала задаваць рэлігійныя пытанні. Яе прага любові і поўнага жыцця не была задаволена пяццю мужамі, якіх мела, і нават больш за тое, яна спазнала расчараванні і падман. Таму жанчына была ўражана вялікай павагай, якую Езус меў да яе, і калі Ён распавядаў ёй пра сапраўдную веру, як пра адносіны з Богам Айцом “у духу і праўдзе”, тады адчула, што гэты чалавек можа быць Месіяй, і Езус – што здаралася вельмі рэдка – пацвердзіў гэта: “Гэта Я, які гавару з табою” (Ян 4,26). Ён кажа, што з’яўляецца Месіяй жанчыне, што мела такое неўпарадкаванае жыццё!

Дарагія браты, вада, якая дорыць вечнае жыццё была выліта ў нашыя сэрцы у дзень нашага хросту; тады Бог перамяніў нас і напоўніў сваёю ласкай. Але можа быць мы забыліся пра гэты дар, ці звялі яго проста да ўзроўню анаграфічных дадзеных, і магчыма, шукаем “студняў” вада з якіх не спаталяе нашай прагі. Калі забываем пра сапраўдную ваду, пачынаем шукаць “студні” з нячыстай вадою. Тады гэта Евангелле менавіта для нас! Не толькі для самаранкі, але таксама для нас! Езус прамаўляе да нас як да самаранкі. Канешне, мы Яго ўжо ведаем, але магчыма яшчэ не сустрэлі асабіста. Ведаем кім ёсць Езус, але не сустрэлі Яго асабіста, размаўляючы з Ім, і не прызналі нашым Збаўцам. Гэты час Вялікага посту з’яўляецца добрай нагодай, каб наблізіцца да Яго, сустрэць Яго ў малітве і дыялогу сэрцам да сэрца, каб размаўляць з Ім, слухаць Яго. Гэта добрая нагода, каб убачыць Яго аблічча таксама ў абліччы пакутуючага брата ці сястры. Такім чынам мы зможам абнавіць у нас ласку хросту, напіцца з крыніцы Божага слова і Яго Святога Духа і так адкрыць для сябе таксама радасць быцця будаўнікамі прымірэння і прыладамі міру ў штодзённым жыцці. 

Няхай Панна Марыя дапаможа нам пастаянна чэрпаць ласку, гэтую ваду, што выцякае са скалы, якой з’яўляецца Хрыстус Збаўца, каб маглі з перакананасцю вызнаваць нашу веру і з радасцю абвяшчаць цуды любові Бога, міласэрнага і крыніцы кожнага дабра. 

Пасля марыйнай малітвы Францішак нагадаў, што 18 сакавіка 2017 г. на поўначы Італіі прайшла беатыфікацыя Ёзэфа Майр-Нусэра – галавы сям’і, дзеяча руху “Каталіцкая акцыя ”, які загінуў мучаніцкай смерцю па дарозе ў канцэнтрацыйны лагер “Дахаў” пасля таго, як з любові да Евангелля адмовіўся прысягаць на вернасць Гітлеру. Папа назваў яго прыкладам для ўсіх свецкіх вернікаў і асабліва для бацькаў, свята якіх адзначаецца ва ўрачыстасць св. Юзафа.








All the contents on this site are copyrighted ©.