2017-03-18 12:10:00

Дзяржсакратар перасцярог ад паспешнасці ў падачы інфармацыі


“Перадаваць сапраўдную інфармацыю, без маніпуляцый, пашыраючы тое, што яднае, а не падзяляе” пажадаў 16 сакавіка 2017 г. кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін супрацоўнікам СМІ падчас візіту ў новую рымскую штаб-кватэру італьянскай Нацыянальнай рады Ордэна журналістаў.

Ён нагадаў пра рызыку “інструменталізацыі навін з боку каварнай палітычнай сістэмы” і перасцярог ад паспешнасці ў падачы інфармацыі і пошуку сенсацый любым коштам, бо нярэдка гэта спараджае паклёп і прымушае ўвогуле не разглядаць добрыя навіны ў якасці вартых увагі.

Кардынал Паралін запрасіў журналістаў “будаваць масты дыялогу, каб спрыяць спыненню абыякавасці”, адхіляючы “спакусу распальваць сутычкі мовай жорсткасці і непрымірымасці”.

“Вы з’яўляецеся вачыма і вушамі тых, хто не можа чуць. Будзьце энтузіястамі інтэграцыі на ўсіх узроўнях. Заставайцеся на службе грамадству з дакладнымі місіяй і адказнасцю: спрыяць росту і фарміраванню калектыўнай свядомасці”, - пажадаў кіраўнік ватыканскай дыпламатыі. Іерарх выказаў сваю салідарнасць з журналістамі, якія, нягледзячы на невыгоды і рызыку, намагаюцца казаць праўду.

На завяршэнне сустрэчы ён асвяціў будынак новай штаб-кватэры Нацыянальнай рады Ордэна журналістаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.