2017-03-16 14:53:00

Пантыфік прыняў Прэзідэнта Лівану


16 сакавіка 2017 г. раніцай Святы Айцец Францішак прыняў на аўдыенцыі Мішэля Ауна, Прэзідэнта Рэспублікі Ліван. Пасля сустрэчы з Пантыфікам палітыка прыняў Дзяржсакратар Яго Святасці Папы, кардынал Пьетра Паралін, якога суправаджаў арцыбіскуп Пол Рычард Галахер, сакратар па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі.

Падчас шчырых размоў увага была засяроджана на добрых двухбаковых адносінах паміж Апостальскай Сталіцай і Ліванам, падкрэсліваючы гістарычную і інстытуцыйную ролю Каталіцкага Касцёла ў жыцці краіны. Было выказана задавальненне намаганнямі з боку розных палітычных партый краіны пакласці канец прэзідэнцкай вакансіі, прагучала спадзяванне на ўсё больш і больш плённае супрацоўніцтва паміж членамі розных этнічных і рэлігійных супольнасцяў на карысць агульнага дабра і развіцця народа, паведамляецца ў афіцыйнай заяве Залы Друку Святога Пасаду.

Размова ішла таксама пра сітуацыю у Сірыі, з асаблівай увагай да міжнародных намаганняў па пошуку палітычнага рашэння канфлікту. Была выказана ўдзячнасць за гасціннасць, якую Ліван засведчыў многім сірыйскім бежанцам. Таксама адбыўся больш шырокі абмен думкамі па сітуацыі ў рэгіёне са спасылкай на іншыя няспыненыя канфлiкты i становішча хрысціян на Блізкім Усходзе.








All the contents on this site are copyrighted ©.