2017-03-15 15:32:00

Францішак: жыццё верай дазваляе разумець патрэбы людзей


Сапраўднае вызваленне чалавека не можа існаваць без абвяшчэння Евангелля, напісаў папа Францішак у пасланні да членаў “Міжнароднай асацыяцыі міласэрнасці” (Associazione internazionale della Carità), з нагоды 400-годдзя заснавання св. Вінцэнтам дэ Полем першых Брацтваў міласэрнасці.

У тэксце, апублікаваным 15 сакавіка 2017 г., Пантыфік нагадаў пра актуальнасць місіі гэтых дабрачынных структур, пакліканых даваць “сведчанне сапраўднай міласэрнасці Бога адносна бедных”. Іх узнікненне стала плёнам пяшчоты і спагады св. Вінцэнта да патрабуючых, часта пакінутых і адчужаных, як у сельскай мясцовасці, так і ў гарадах. Ён глядзеў на бедных, як на “прадстаўнікоў Езуса Хрыста, як на членаў Яго спакутаванага цела”, падкрэсліў Папа.

Францішак заклікаў членаў дабрачыннай асацыяцыі бачыць цэласнасць асобы тых, каму аказваюць дапамогу і быць уважлівымі да хісткіх ўмоў жыцця шматлікіх жанчын і дзяцей. Жыццё верай дазваляе нам разумець жыццё людзей, іх годнасць і тое, што яны створаны на вобраз і падабенства Бога, заўважыў Святы Айцец.

Пантыфік перакананы, што, каб заўважыць беднасць, не дастаткова вялікіх ідэй, трэба жыць таямніцай Уцелаўлення: таямніцай Бога, Які стаў чалавекам і памёр, каб узвысіць чалавека і збавіць яго. Папа адзначыў, што здольнасць бачыць Езуса ў бедных, дае таксама і бедным магчымасць убачыць Хрыста ў тых, хто па-сапраўднаму сведчыць перад імі аб міласэрнасці.  








All the contents on this site are copyrighted ©.