2017-03-14 15:41:00

“L’Osservatore Romano”: зразумець Францішка


Аб важнасці пантыфікату першага ў гісторыі Біскупа Рыма з Лацінскай Амерыкі напісаў на старонках “L’Osservatore Romano” галоўны рэдактар выдання Джавані Марыя Віян. Ён прысвяціў свій артыкул чацвёртай гадавіне абрання кардынала Хорхэ Марыа Берголіа на Пасад св. Пятра.

Пачынаючы пяты год свайго пантыфікату, Францішак зноў скарыстаўся магчымасцю, якую стварыла пытанне, зададзенае падлеткам у рымскай парафіі, каб падзяліцца думкамі пра папскае служэнне. Ён акрэсліў гэта проста і радыкальна: “Езус выбірае таго, каго пажадае, каб быў Папам у гэтыя дні; ў іншы час, ён выбірае іншага, потым яшчэ і яшчэ”. І адразу дадаў: “Мне гэта падабаецца. Мне падабалася быць пробашчам у парафіі, рэктарам факультэта і душпастырам, мне вельмі падабаліся абодва гэтыя служэнні. Я любіў таксама вучыць катэхізісу, служыць імшу для дзяцей. Я заўсёды любіў быць святаром”. Гэта свядомасць Папы, простая і прамая, робіць уражанне і раззбройвае, таму што дэманструе шчырасць жыцця. У тым жа стылі ён кажа і пра місію парафіяльных святароў і біскупаў: яны павінны не толькі спрыяць спакою, але і “прапаведаваць слова Божае, весці катэхізацыю. 

Хто па-сапраўднаму хоча разумець Францішка, павінен узяць пад увагу гэты яго адказ, адхіляючы карыкатурныя штампы і небяспечнае і разбуральнае пляткарства, лічыць галоўны рэдактар ватыканскага выдання.

Вядома, у сродках масавай інфармацыі не лёгка знайсці ўсё, што кажа Папа, але сумленнасць дыктуе па меншай меры журналістам і так званым стваральнікам публічнага меркавання прымаць гэта пад увагу і фарміраваць аўтарытэтнае меркаванне пра тое, кім на самой справе з’яўляецца Францішак, не распаўсюджваючы вобразаў, далёкіх ад рэальнасці. Тым больш, што ён сам яшчэ перад канклаваў пазначыў профіль новага Папы: “чалавека, які праз сузіранне Езуса Хрыста і адарацыю Езуса Хрыста дапаможа Касцёлу выйсці за свае межы ў бок экзістэнцыяльных перыферый”. Гаворка ідзе пра Папу-місіянера.

І Францішак пацвердзіў, што застаецца місіянерам, адметнымі рысамі якога з’яўляюцца малітва і медытацыя, як ён растлумачыў тым жа дзецям у рымскай парафіі, што хацелі пазнаць яго па-сапраўднаму, у адрозненне ад многіх дарослых. “Для мяне вельмі прыгожым момантам – што мне вельмі падабаецца – з’яўляецца хвіліна, калі я магу маліцца ў цішыні, чытаць Слова Божае. Мне гэта дапамагае і я люблю гэта”, - сказаў ён, дадаўшы ў канцы: “Я кажу гэтыя рэчы дзецям, але для таго, каб гэта пачулі дарослыя”. Менавіта да малітвы Францішак заклікаў з першых хвілін свайго пантыфікату, калі запрасіў вернікаў памаліцца за Бэнэдыкта XVI, нагадаў у сваім артыкуле галоўны рэдактар “L’Osservatore Romano”.








All the contents on this site are copyrighted ©.