2017-03-14 14:31:00

Дэлегацыя Святога Пасаду на тэхналагічнай канферэнцыі ў ЗША


Упершыню ў гісторыі прадстаўнікі Апостальскай Сталіцы прыбылі ў Осцін ў амерыканскім штаце Тэхас на канферэнцыю “South by Southwest Interactive” (SXSW). Яе тэма – новыя тэхналогіі і звязаныя з імі сацыяльныя медыя.

На чале ватыканскай дэлегацыі стаіць дапаможны сакратар Папскай рады па культуры. Біскуп Пол Тай адзначыў, што ў такіх пытаннях трэба акцэнтаваць не толькі “змест”, але і “культуру, якую ствараюць карыстальнікі”, на чым і засяроджваюцца прадстаўнікі Апостальскай Сталіцы. 

Іерарх распавёў Ватыканскаму радыё, як разумее сваю прысутнасць на гэтым форуме. “Многія людзі могуць быць здзіўлены, калі ўбачыць ватыканскую дэлегацыю, убачаць святара на такой падзеі. Я хацеў бы ў першую чаргу адзначыць, што сюды мы былі запрошаны. І я думаю, што ў свеце, дзе ўсё менш і менш нас просяць прыняць удзел у размовах, калі недзе хочуць нас бачыць, чаму мы не павінны там быць. Адна з самых вялікіх рэальнасцяў, якія ствараюць і фарміруюць сучасныя культурныя сувязі, гэта кампутарнае асяроддзе. Таму менавіта, сярод іншага, мы зрабілі шмат, каб зразумець людзей, пагружаных у лічбавую культуру: іх асцярогі, страхі, надзеі і чаканні. Таму я знаходжуся тут, перш за ўсё, каб слухаць”, - падкрэсліў ватыканскі прадстаўнік на форуме.

“South by Southwest” – штогадовае мерапрыемства, якое ўключае ў сябе шэраг музычных, кіна- і медыя- фестываляў і канферэнцый, якое праходзіць з 1987 г. у сярэдзіне сакавіка ў ЗША, у горадзе Осціне, штат Тэхас.








All the contents on this site are copyrighted ©.