Адысці ад зла, навучыцца рабіць дабро і дазволіць Пану весці сябе наперад – вось шлях велікапоснага навяртання, адзначыў папа Францішак 14 сакавіка 2017 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане.
У сваёй гаміліі Святы Айцец заўважыў, што кожны штодзённа робіць нешта кепскае і нават “самы святы грашыць сем разоў на дзень”. Праблема ў тым, каб не прызвычайвацца жыць падобным чынам і пастаянна адмаўляцца ад таго, што “атручвае душу”.
“Трэба штодня вучыцца рабіць нешта, каб стаць лепшым, чым дзень таму. Адыходзіць ад зла і навучыцца рабіць дабро: вось правіла навяртання. Навярнуцца, не значыць прыйсці да феі, якая перамяніць нас з дапамогай чарадзейнай палачкі. Не! Гэта шлях”, - адзначыў Пантыфік.
Паводле яго, вернікам неабходныя: адвага, каб адысці ад зла, і пакора, каб навучыцца рабіць дабро. Яно ж абавязкова павінна выяўляецца ў канкрэтных чынах, а не толькі заставацца на словах, падкрэсліў Францішак і нагадаў, як Хрыстус папракаў фарысяў за тое, што “гавораць і не робяць”. “Калі няма канкрэтнасці, не можа быць і навяртання”, - сказаў ён.
Папа нагадаў, што Езус заўсёды спадарожнічае вернікам на шляху навяртання, і нават, калі іх “грахі будуць, як чырвань, збялеюць як снег”. Адзінае, аб чым Бог просіць, гэта пакора, бо “той, хто ўзвышае сябе, прыніжаны будзе, а той, хто прыніжае сябе, будзе ўзвышаны”, сказаў Папа на заканчэнне сваёй ранішняй гаміліі.
All the contents on this site are copyrighted ©. |