2017-03-11 13:22:00

Святы Пасад: міграцыйнае пытанне патрабуе мудрай палітыкі


Вынікі 10-дзённай паездкі амерыканскага кардынала Роджэра Махоні і арцыбіскупа Сільвана Тамазі ў лагеры бежанцаў на Блізкім Усходзе – у Ліване, Іардане, Іраку і Грэцыі, былі абмеркаваны 9 сакавіка 2017 г. падчас брыфінгу ў памяшканні Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека ў Ватыкане.

У размове з журналістамі арцыбіскуп Тамазі назваў здзейсненую паездку “пілігрымкай сустрэчы” з сірыйскімі і іракскімі бежанцамі, з хатнімі працаўніцамі з Эфіопіі і Філіпін, з хрысціянамі Ніневійскай раўніны. Па яго словах, гэты вопыт дапамог усвядоміць дзве рэчы: па-першае, што памылковая палітыка вырашэння праблем сродкамі вайны вядзе да вялізарных чалавечых пакут; і па-другое, што ёсць яшчэ, на шчасце, людзі, гатовыя прыйсці на дапамогу і ахвяраваць лепшае, што ў іх ёсць, каб супольнасці, выкараненыя са сваіх месцаў жыхарства, маглі працягваць нармальнае жыццё.

Іерарх падкрэсліў важнасць асобы Святога Айца і яго ініцыятыў у пытаннях бежанцаў і мігрантаў. “Мы нагадалі людзям, якія знаходзяцца ў складанай сітуацыі, што ёсць нехта, хто клапоціцца пра іх”, - сказаў арцыбіскуп Тамазі і назваў салідарнасць, якую праяўляюць шматлікія каталіцкія арганізацыі, “галактыкай сіл, натхнённых Евангеллем, якія імкнуцца даць адказ на патрэбы і пакуты людзей па прыкладзе і згодна з вучэннем Папы Францішка”.

“Наш візіт меўся быць пасланнем надзеі”, - дадаў іерарх. Не трэба баяцца брата, які пакутуе; варта, аднак, высвятляць карані гэтых праблем, сказаў ён. “Еўрасаюз, ЗША і іншыя краіны вельмі шчодрыя і выдзяляюць сотні мільёнаў долараў на гуманітарную дапамогу гэтым асобам. Аднак перад абліччам рэчаіснасці, якую мы на сабе адчулі, напрошваецца пытанне, ці не было б больш разумным не спараджаць патокі мігрантаў палітыкай гегемоніі і ўлады, але адказваць на праблемы дыялогам і дамовамі”, - падкрэсліў иіерарх. 

“Чым даваць міласціну на лячэнне дрэнных наступстваў такой палітыкі, лепш мудра карыстацца дзяржаўнай уладай, каб не рабіць памылковых выбараў, якія выкарыстоўваюць жорсткасць у якасці інструмента вырашэння праблем”, - заключыў арцыбіскуп Сільвана Тамазі.








All the contents on this site are copyrighted ©.