2017-03-10 13:09:00

Першае велікапоснае казанне прагучала ў Ватыкане


Менавіта Святы Дух дае сведчанне аб Хрысце. Гэта Ён уводзіць “у поўную праўду” аб Езусе і Яго пасхальнай таямніцы, гэта значыць аб быцці і дзейнасці Збаўцы. Ён мае сваю ролю ў смерці і ўваскрасенні Езуса, а таксама нашай смерці і нашым уваскрасенні, падкрэсліў у сваім першым велікапосным казанні 10 сакавіка 2017 г. прапаведнік Папскага дома.

Яно было прысвечана ролі Святога Духа ва ўвядзенні ў таямніцу валадарання Хрыста. Капуцын адзначыў, што Святы Дух ніколі не прамаўляе ад першай асобы, не прэтэндуе стварыць уласную справу, але заўсёды спасылаецца на Хрыста. 

“Святы Дух не стварае новых рэчаў, але робіць рэчы новымі! Ён нічога не дадае да рэчаў, “устаноўленых” Езусам, а ажыўляе іх і абнаўляе”, - сказаў прапаведнік і нагадаў, як пасля сашэсця Святога Духа першая хрысціянская супольнасць пачала па-іншаму разумець жыццё Езуса, Яго смерць і ўваскрасенне, нібыта “заслона была знята з іхніх вачэй”.

Айцец Канталамеса адзначыў, што на працягу гісторыі існавалі розныя спосабы пазнання Езуса, але пачынаючы з эпохі Асветы дамінуючым становіцца падыход да вывучэння Яго асобы, толькі як гістарычнай постаці. У такім кантэксце Святы Дух не выконвае ніякай ролі, лічыць законнік.

Капуцын падкрэсліў, што самым высокім учынкам розуму з’яўляецца прызнанне, што існуе тое, што пераўзыходзіць яго, а самым сумленным учынкам гісторыка з’яўляецца прызнанне, што існуе штосьці непазнавальнае выключна з дапамогай гісторыі, сказаў ён.

На думку прапаведніка, фундаментальна важным у пазнанні Хрыста з’яўляецца прызнанне элементарнага біблійнага факту: Езус Хрыстус – гэта Пан, а “валадаранне Хрыста – гэта новы свет, у які ўваходзяць “праз моц Святога Духа”.

Айцец Канталамеса адзначыў, што Святы Дух дазваляе прызнаваць Езуса сапраўдным Панам, жывой і заўсёды прысутнай асобай, а не “персанажам”, наборам тэзісаў, дагматаў, аб’ектам культу ці памяці.

Сваё казанне прапаведнік Папскага дома завяршыў словамі Францішка з Апостальскай адгартацыі “Evangelii gaudium”: “Заклікаю ўсіх хрысціян, незалежна ад месца і сітуацыі, у якой яны знаходзяцца, сёння ж аднавіць сваю асабістую сустрэчу з Езусам Хрыстом, ці прынамсі, рашыцца на тое, каб адкрыцца на сустрэчу з Ім, каб штодзённа і няспынна шукаць Яго. Не існуе прычын, каб хтосьці падумаў, што гэты заклік не для яго!”. 








All the contents on this site are copyrighted ©.