2017-03-09 16:06:00

Рэкалекцыі Папы: смерць Езуса сапраўдная і абураючая


Смерць Езуса Хрыста на крыжы была сапраўднай і менавіта таму, абураючай, нагадаў айцец Джуліа Мікеліні 9 сакавіка 2017 г. у сёмай медытацыі падчас вялікапосных рэкалекцыі для Папы і супрацоўнікаў Рымскай курыі. Прапаведнік заклікаў удзельнікаў духоўных практыкаванняў да разважання над смерцю Езуса.

Ён падкрэсліў, што гэта смерць была рэальнай, а не “прытворнай”. Нават вучні сумняваліся ў тым, што Езус вярнуўся да жыцця, а гэтыя сумнівы магчымы толькі “таму, што Ён па-сапраўднаму памёр”. Па словах рэкалекцыяніста, у апісанні гэтай смерці ёсць шмат “нязручных” дэталяў, якія немагчыма было прыдумаць, бо яны сапраўды ўказваюць на тое, што здарылася.

Адным з такіх момантаў з’яўляецца крык Хрыста на крыжы і Яго адчуванне пакінутасці. Ён пытаўся ў Айца: “Божа мой, Божа мой, чаму Ты мяне пакінуў?” чым выклікаў збянтэжанасць сярод сведкаў тых падзей. Некаторым з іх здавалася, што Езус клікаў Іллю, іншым – Яна Хрысціцеля, а насамрэч Езус усклікаў да Айца, Які, аднак, маўчаў.

Айцец Мікеліні лічыць, што менавіта гэта адсутнасць умяшальніцтва Бога Айца з’яўляецца “шакуючым элементам усяго апісання смерці Езуса”. Адчуванне пакінутасці, якое перажываў Хрыстус, дадае да гэтай гісторыі нешта настолькі праўдзівае і “абуральнае”, што немагчыма было прыдумаць. На працягу жыцця Езус пастаянна ўсё тлумачыў, а гэта засталося без тлумачэння. Паводле рэкалекцыяніста, тут усё тлумачыць сам крыж, а Хрыстус толькі даверыўся Святому Духу, Які пазней дапаможа зразумець вучням тое, што для іх было незразумела.

У медытацыі, якая прагучага вечарам 8 сакавіка, гаворка ішла пра суд Езуса перад Понціем Пілатам. Айцец Мікеліні звярнуў увагу на словы жонкі Пілата, якая сказала, што ў сне “шмат цярпела” за Езуса. Прапаведнік нагадаў, што напачатку Евангелля ўзгадваюцца і іншыя “Божыя сны”, мэтай якіх было выратаванне Хрыста ад смерці. На гэтыя сны адгукнуліся св. Юзаф і тры мудрацы, але Пілат, падобна Іраду, заставаўся абыякавым да іх, бо быў зацікаўлены толькі ў захаванні сваёй улады.

Рэкалекцыі з удзелам папы Францішка і яго бліжэйшых супрацоўнікаў праходзяць у Арычы, каля Рыма.








All the contents on this site are copyrighted ©.