2017-03-09 15:52:00

З’явіўся ўнікальны трохтомнік з фрэскамі Сікстынскай капэлы


У Ватыкане выпусцілі ўнікальны трохтомнік з фотаздымкамі фрэсак Сікстынскай капэлы ў маштабе 1:1. Рэалізацыя маштабнага праекта стала магчыма пасля некалькіх дзесяцігоддзяў развіцця тэхналогій у галіне мастацкай фатаграфіі, апрацоўкі і друку малюнкаў. 

Выданне прызначана не толькі для прыхільнікаў мастацтва, але і для будучых рэстаўратараў. Праца над праектам вялася на працягу пяці гадоў, за гэты час было зроблена больш за 270 тыс. лічбавых кадраў, якія дэманструюць фрэскі Мікеланджэла і іншых майстроў з узрушаючай дэталізацыяй.

“У будучыні гэта дазволіць нам захаваць кожны сантыметр капэлы ў тым стане, у якім ён знаходзіўся ў 2017 годзе”, - сказаў Антоніа Паолучы, былы кіраўнік Ватыканскіх музеяў і сусветна вядомы эксперт па Сікстынскай капэле.

Столевыя фрэскі Мікеланджэла вядомыя ва ўсім свеце, адна з самых распазнавальных – сцэна, у якой Бог працягвае руку, каб даць жыццё Адаму. Мікеланджэла скончыў столь ў 1512 годзе, а выяву “Страшнага суду” ззаду алтара – паміж 1535 і 1541 гадамі. У апошні раз усе фрэскі Сікстынскай капэлы былі сфатаграфаваныя паміж 1980 і 1994 гадамі, падчас маштабнай, першай за шматлікія стагоддзі рэстаўрацыі. 

Новыя фатаграфіі ўвойдуць ва ўнікальны трохтомнік, аб’ёмам 870 старонак. Кожны том важыць каля 9 кг, памер развароту – 60 на 130 см. Выданне выпушчана абмежаваным накладам у 1 999 асобнікаў і будзе прапанавана да набыцця бібліятэкам і прыватным калекцыянерам па кошце каля 12 тыс. еўра.

Фатаграфаванне капэлы вялося на працягу 65 начэй, з сямі гадзін вечара да двух гадзін ночы. Усяго некалькі чалавек ведалі пра гэты праект. Пасля таго, як усе шэдэўры капэлы, уключаючы мазаічную падлогу і фрэскі мастакоў XV стагоддзя былі захаваныя ў лічбавым фармаце, фатаграфіі “сшывалі” ў выніковыя выявы пры дапамозе кампутарнай праграмы.

Было выкарыстана спецыяльнае праграмнае забеспячэнне, пост-прадакшн, каб атрымаць глыбіню, інтэнсіўнасць, цеплыню і адценне колеру з дакладнасцю 99,9%. Дзякуючы гэтаму, будучыя рэстаўратары змогуць выкарыстоўваць выявы у якасці стандартаў. На фотаздымках выразна бачныя ўсе мазкі пэндзлем і нават межы паміж часткамі малюнка. Для здымак выкарыстоўвалася спецыяльнае тэлескапічнае абсталяванне. Уся фота-інфармацыя заняла 30 тэрабайт.








All the contents on this site are copyrighted ©.