2017-03-09 13:04:00

Кардынал Амата пра мучанікаў часоў камунізму


“Мучанік памірае без зброі і спакойна, хоць і зносіць пры гэтым нечуваныя пакуты. Ён не праклінае, не асуджае, але прабачае, любіць і моліцца за сваіх катаў і ганіцеляў. Гэта хрысціянская адметнасць, якая ўражвае, здзіўляе, а часам садзейнічае навяртанню”, - адзначыў 8 сакавіка 2017 г. кардынал Анджэла Амата. 

Прэфект Кангрэгацыі па справах Кананізацыі прыняў удзел у прэзентацыі кнігі “Сведкі веры. Асабісты і калектыўны досвед католікаў у Цэнтральнаўсходняй Еўропе пад камуністычнымі рэжымамі”. Яе аўтар – выкладчык Папскага грыгарыянскага ўніверсітэта, кс. Ян Мікрут.

У кнізе апісваецца пераслед Каталіцкага Касцёла ў краінах былога сацыялістычнага лагера, а таксама мужнае і часта гераічнае сведчанне католікаў гэтага рэгіёну. Пра мучанікаў савецкага рэжыму гаворка пойдзе ў асобным, другім томе кнігі: “Каталіцкі Касцёл ў Савецкім Саюзе. Ад рэвалюцыі 1917 года да перастройкі”. Яе выданне будзе прымеркавана да 100-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі, паведаміў аўтар.

Кардынал Анджэла Амата лічыць, што тэма мучаніцтва не з’яўляецца анахранізмам, бо кожны год у свеце каля сотні тысяч хрысціян забіваюць па прычыне іх веры. Менавіта мучанікі былі першымі святымі хрысціянства, і сёння вернікі таксама пакліканы да сведчання, часам найвышэйшага, сваім жыццём, заўважыў ватыканскі іерарх.

Прэфект Кангрэгацыі па справах Кананізацыі падкрэсліў, што Касцёл не забываецца пра сваіх адважных сыноў і ў пацвярджэнне гэтаму прывёў прыклады шматлікіх сведкаў веры эпохі камунізму ў Еўропе, якія былі ўзнесены да хвалы алтароў на працягу апошніх гадоў.








All the contents on this site are copyrighted ©.