2017-03-07 15:07:00

Кардынал-прэфект пра стэрэатыпы адносна Папы і Рымскай курыі


“Думаю, што мы павінны пакласці канец стэрэатыпу, што, маўляў, з аднаго боку стаіць Папа, які хоча рэформ, а з іншага – група супраціву, якая жадае заблакаваць яго”, - сказаў газеце “Corriere della Sera” кардынал Герхард Людвіг Мюлер. Прэфект Кангрэгацыі Веравучэння спаслаўся на словы былога члена Папскай камісіі па абароне непаўналетніх Мары Колінз, якая абгрунтавала сваю адстаўку неахвотным стаўленнем Рымскай курыі да ажыццяўлення некаторых ўказанняў, што тычацца барацьбы з педафіліяй.

Кардынал-прэфект адзначыў, што ён ніколі не сустракаўся з спадарыняй Колінз, але не бачыць ніякіх перашкод, каб зрабіць гэта. Іерарх цвёрда сказаў: “Наша каталіцкая вера і традыцыя працы Рымскай курыі ўключае садзейнічанне ўніверсальнай місіі Папы, даручанай яму Езусам Хрыстом”. Ён патлумачыў, што задача дыкастэрыі – весці кананічныя працэсы адносна духавенства, якое абвінаваецца ў здзяйсненні найбольш цяжкіх злачынстваў, у тым ліку злоўжыванняў у дачыненні да непаўналетніх. Кардынал адзначыў, што нічога не ведае пра прадстаўленыя вышэйузгаданай Камісіяй прапановы аб зменах у кананічнай працэдуры. Яна звярнулася да Кангрэгацыі выключна з просьбай напісаць лісты да ахвяраў, каб паказаць блізкасць Касцёла ў іх пакутах. Але гэты акт пастырскага клопату з’яўляецца задачай біскупаў і настаяцеляў манаскіх інстытутаў.

Ватыканскі іерарх адзначыў, што, калі будзе папскае рашэнне па гэтым пытанні або будуць пастаўлены канкрэтнай задачы, ён не мае нічога супраць, каб зрабіць гэта. Ён нагадаў, што задачай Кангрэгацыі Веравучэння з’яўляецца правядзенне кананічнага працэсу, у той час як задача мясцовых біскупаў – кантактаваць з пацярпелымі, у адпаведнасці з прынцыпам аўтаноміі асобных дыяцэзій ці манаскіх кангрэгацый і з прынцыпам субсідыярнасці.

Звяртаючыся да праблемы біскупаў, адказных за хаванне такіх выпадкаў або адсутнасць рэакцыі на злачынствы, учыненыя іх падначаленымі, прэфект Кангрэгацыі Веравучэння заявіў, што гэтымі справамі будзе займацца Кангрэгацыя па справах Біскупаў. Тым не менш, Святы Айцец заўсёды можа дэлегаваць дыкастэрыі, якую ўзначальвае кардынал Мюлер, разгляд асаблівых выпадкаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.