2017-03-06 12:47:00

Папа прымае ўдзел у велікапосных рэкалекцыях


Святы Айцец прымае ўдзел у велікапосных рэкалекцыях, якія праходзяць пад кіраўніцтвам італьянскага бібліста, а. Джуліа Мікеліні. 6 сакавіка 2017 г. удзельнікі духоўных практыкаванняў разважалі над евангельскім апавяданнем у якім апостал Пётр назваў Езуса Месіяй. 

Рэкалекцыяніст заўважыў, што гэта адбылося дзякуючы Божаму адкрыццю. Пётр указаў Хрысту на Яго місію, як рабілі і многія іншыя людзі, якіх Езус сустракаў на сваім жыццёвым шляху. Прапаведнік нагадаў, што паводле старадаўнай юдэйскай традыцыі напрыканцы кожнага вялікага прароцтва Бог працягвае прамаўляць праз галасы сціплых людзей.

“Езус у сваёй чалавечнасці і Францішак Асізскі зразумелі, што Бог адкрываецца вучням, а таксама праз самых малых з вучняў. Ці мы маем пакору, каб слухаць Пятра?”, - спытаў ён і падкрэсліў важнасць прыслухоўвання да “слабых галасоў іншых”, праз якія можа прамаўляць Бог.

Францішканін заклікаў удзельнікаў рэкалекцый ісці да канца ў наследванні Хрыста, усведамляючы, што гэта прадугледжвае крыж, аб чым сказаў сам Пан сваім вучням: “Калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе, штодня бярэ крыж свой і ідзе за Мною”.

Духоўныя практыкаванні Святога Айца пачаліся 5 сакавіка 2017 г. у мястэчку Арыча, прыкладна ў 30 км ад Рыма. У сваім першым разважанні айцец Мікеліні нагадаў ўдзельнікам рэкалекцый пра неабходнасць аднаўлення асабістай сустрэчы з Езусам. 

“У гэтыя дні мы можам лічыць, што знаходзімся ў групе тых, хто павінен быць рэевангелізаваны”, аднак не па прычыне няведання Езуса, але таму што з’яўляемся “ахрышчанымі асобамі, які аднак, не жывуць патрабаваннямі хросту”, падкрэсліў ён. Новая евангелізацыя была задумана ў першую чаргу, каб зноў распаліць сэрцы вернікаў, якія рэгулярна прыбываюць унутры хрысціянскай супольнасці. “Гэта вы, дарагія браты, з’яўляецеся цэнтрам гэтай евангелізацыі”, - сказаў прапаведнік Пантыфіку і ватыканскім іерархам, якія прымаюць удзел у рэкалекцыях.

53-гадовы італьянскі францішканін а. Джуліа Мікеліні з’яўляецца выкладчыкам Тэалагічнага інстытута ў Асізі, злучанага з Папскім латэранскім ўніверсітэтам. Рэкалекцыі для Папы і супрацоўнікаў Рымскай курыі ён будзе праводзіць да 10 сакавіка 2017 г. У гэты перыяд будуць прыпынены ўсе аўдыенцыі і публічная дзейнасць Святога Айца.








All the contents on this site are copyrighted ©.