2017-03-02 16:05:00

Папа да духавенства: быць людзьмі-амфарамі, каб паіць іншых


Аб важнасці памяці, надзеі і распазнання для развіцця веры ў святароў, казаў Папа падчас штогадовага сходу пробашчаў Рымскай дыяцэзіі. Францішак сустрэўся з імі 2 сакавіка 2017 г. у базыліцы св. Яна на Латэране. Адразу пасля свайго прыезду ён сеў у канфесіянал і на працягу амаль гадзіны спавядаў святароў, затым падзяліўся з імі сваімі разважаннямі.

Папа падкрэсліў, што рост у веры, гэта больш, чым проста дактрынальная фармацыя. Ён адбываецца падчас сустрэч з Богам на працягу ўсяго жыцця. “Вера сілкуецца і ўзмацняецца памяццю. Памяццю пра запавет, які Пан заключыў з намі. Ён ёсць Бог нашых бацькоў і дзядоў. Не з’яўляецца Богам апошняй хвіліны, Богам без сямейнай гісторыі, Богам, Які для адказу на кожную новую парадыгму, павінен адмаўляцца ад папярэдніх, як састарэлых і нязначных”, - сказаў Францішак.

Пантыфік папрасіў рымскае духавенства даваць годнае даверу сведчанне. З гэтай мэтай ён заклікаў, азірнуцца назад на свой шлях веры, дзе можна знайсці сапраўдныя скарбы, якія дапамогуць лепш зразумець сучаснасць. “Варта зрабіць крок назад, каб лепш бачыць усю панараму. Мы не павінны паддавацца спакусе неадкладнага вырашэння спраў, а таксама стэрыльнаму песімізму”, - заклікаў Святы Айцец.

“Адной з самых сур’ёзных спакусаў, якая нішчыць энтузіязм і мужнасць, з’яўляецца пачуццё пройгрышу, што ператварае нас у незадаволеных і расчараваных песімістаў аб панурым твары. Ніхто не можа прыняць бой, калі не верыць у перамогу. Хто пачынае без упэўненасці, ён ужо прайграў палову бітвы і хавае свае таленты”, - дадаў Францішак, спасылаючыся на сваю Апостальскую адгартацыю “Evangelii gaudium”. 

“Хрысціянскі трыумф – гэта заўсёды крыж, але крыж, які адначасова з’яўляецца сцягам перамогі, што ўздымаецца з адважнай адчувальнасцю супраць націску зла. Злы дух пройгрышу з’яўляецца братам спакусы падзелу заўчаснага аддзялення збожжа ад пустазелля, прадуктам баязлівага і эгацэнтрычнага засмучэння. У любым выпадку, у гэтых абставінах, мы пакліканы быць людзьмі-амфарамі, каб паіць іншых. Часам амфара ператвараецца ў цяжкі крыж, але менавіта на крыжы Пан, праколаты, аддаўся нам у якасці крыніцы вады жывой. Не дазволім, каб у нас скралі надзею”, - сказаў Пантыфік.

У сваёй медытацыі Францішак шмат казаў пра веру Пятра, значна больш слабую за веру многіх іншых людзей, якіх на сваім шляху сустрэў Езус. Папа падкрэсліў, што спакусы і цяжкасці ачышчаюць веру і дазваляюць нам расці. Менавіта таму, дадаў ён, выпрабаванаму ў веры грэшніку Пятру Езус даручыў задачу ўмацавання веры кожнага з нас.








All the contents on this site are copyrighted ©.