2017-03-02 13:22:00

Пантыфік: наследаваць не абстрактнага, а сапраўднага Бога


Хрысціяне пакліканы наследаваць не абстрактнага, а сапраўднага Бога, які ўцелавіўся ў Хрысце і памёр дзеля збаўлення людзей, адзначыў папа Францішак 2 сакавіка 2017 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. У сваёй гаміліі ён заўважыў, што на пачатку Вялікага посту моцна гучыць заклік да навяртання.

У першую чаргу, ён тычыцца рэчаіснасці чалавека, якая заключаецца ў выбары 
паміж дабром і злом. Для гэтага Бог даў людзям свабоду, але не пакінуў іх у адзіноце. Ён указвае шлях дабра з дапамогай запаведзяў, нагадаў Папа.

Таксама неабходна праўдзівае разуменне Бога. Вучням было складана зразумець шлях крыжа Езуса, заўважыў Францішак. “Бог прыняў на сябе ўсю чалавечую рэчаіснасць, акрамя граху. Не ісуе Бога без Хрыста. Бог без Хрыста, “не-уцелаўлёны”, гэта не-рэальны бог”, - сказаў ён.

Па словах Святога Айца, калі вернікі аддаляюцца ад рэчаіснасці ўцелаўлёнага Бога, тады аддаляюцца ад крыжа Хрыста, ад праўды ранаў Пана, аддаляюцца таксама ад Божай любові і крочаць “ідэалагічным” шляхам, на якім няма Бога, што прыйшоў, каб збавіць людзей праз сваю смерць. 

Францішак пераканы, што ў аснове ўчынкаў міласэрнасці ляжыць вера ва уцелаўлёнага Бога. З ёй становіцца зразумела, што “раны нашых братоў з’яўляюцца ранамі Хрыста, ранамі Бога”. Немагчыма па-сапраўднаму перажыць Вялікі пост не разумеючы гэтага. “Мы павінны навярнуцца, але не да абстрактнага Бога, а сапраўднага, які стаў Хрыстом”, - заклікаў Пантыфік.

У апошняй частцы сваёй гаміліі Папа спаслаўся на евангельскія словы: “Калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад самога сябе, штодня бярэ крыж свой і ідзе за Мною” (Лк 9,23). Ён заклікаў вернікаў ісці за Хрыстом і наследаваць Яго, спаўняючы волю Айца, беручы на сябе штодзённыя крыжы і зносячы вырачэнні. 








All the contents on this site are copyrighted ©.