2017-03-02 11:18:00

Ва Украіне рассакрэцілі дакументы КДБ аб Яне Паўле ІІ


Служба Бяспекі Украіны апублікавала невядомыя раней дакументы, якія тычацца дзейнасці КДБ, у тым ліку супраць Касцёла. Гэтыя матэрыялы паказваюць велізарны страх савецкіх спецслужбаў з-за выбару кардынала Караля Вайтылы на Пасад св. Пятра. Яны трапна прадказваюць кірунак і наступствы дзеянняў Яна Паўла II, эфекты яго выбару для актывізацыі грэка-каталіцкага асяроддзя і ўвогуле грамадзян Украіны. Гэты ўплыў кантраляваўся з самага пачатку.

Дакумент, які службы падрыхтавалі па гэтым пытанні з’яўляецца адным з самых рэдкіх сведчанняў такога роду, лічаць эксперты Калегіўма Еўропы з Варшавы (College of Europe Natolin).

У рассакрэчаных матэрыялах бачна заклапочанасць выбарам кардынала Вайтыла: страх перад працягам палітыкі Яна XXIII і Паўла VI, страх, што католікі ва Усходняй Еўропе – Літве, Беларусі, Украіне – пачнуць дзейнічаць, пракаментаваў у інтэрв’ю “KAI” Пётр Дмінтовіч, гісторык, намеснік дырэктара музея Яна Паўла II і Прымаса Вышынскага.

Выбар Вайтыла на Пантыфіка можа прывесці да значнай актывацыі католікаў і ўніятаў ва Украіне, органы КДБ Украінскай ССР распрацоўваюць папераджальныя метады прадухілення падрыўных памкненняў Ватыкана, выяўлення і спынення варожых дзеянняў яго эмісараў і місіянераў, можна прачытаць у дакуменце.

Пётр Дмінтовіч звярнуў увагу на тое, што праз год з’явілася іншая запіска, у якой савецкія органы заяўляюць аб неабходнасці спыніць палітыку Папы любымі метадамі. Пішуць, што калі дэзінфармацыі і дыскрэдытацыі не дастаткова, трэба выкарыстоўваць іншыя сродкі. Гісторык лічыць, што тут гаворка ідзе пра напад.

Аўтары не разумелі, што Ян Павел II не палітык, што ён факусуе ўвагу на мірнай дзейнасці, заснаванай на годнасці і правах чалавека, адзначыў намеснік дырэктара музея Яна Паўла II і Прымаса Вышынскага, дадаўшы, што ў дакуменце адчуваецца непакой аўтараў з-за цеснага кантакту Папы з дарадцам прэзідэнта ЗША Збігневам Бжэзінскім.

Невядомыя раней дакументы, якія тычацца дзейнасці КДБ у Польшчы і ва Украіне, прадставіў на канферэнцыі “Тры рэвалюцыі – партрэты Украіны” ў Калегіўме Еўропы дырэктар архіва СБУ Андрэй Когут. Матэрыялы, якія адыгрываюць важную ролю ў вывучэнні канца камунізму і трансфармацыі ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе, размешчаны на інтэрнэт-старонцы праекту “Тры рэвалюцыі” (3R).








All the contents on this site are copyrighted ©.