2017-03-01 16:17:00

Папа ўзначаліў пакутную працэсію ў Папяльцовую сераду


У Папяльцовую сераду 1 сакавіка 2017 г. Святы Айцец узначаліў традыцыйную працэсію ў форме рымскіх “Стацый”. Набажэнства распачалося малітвай у касцёле св. Анзэльма на Авенцінскім пагорку, пасля чаго працэсія накіравалася да базылікі св. Сабіны, дзе адбылася Эўхарыстыя з абрадам пасыпання галоў попелам.

У сваёй гаміліі Францішак заклікаў вернікаў яшчэ раз скіраваць позірк на міласэрнасць Бога. “Вялікі пост – гэта шлях, які вядзе да перамогі міласэрнасці над усім, што спрабуе раструшчыць нас ці звесці да чагосьці не адпаведнага годнасці Божых дзяцей”, - падкрэсліў Пантыфік. 

Папа адзначыў, што абрад пасыпання галоваў попелам нагадавае, з чаго быў створаны чалавек – з попелу, які сваім подыхам Бог ажывіў і жадае працягваць рабіць гэта. “Подых Божага жыцця вызваляе нас ад таго ўдушша, якое гасіць нашу веру, ахалоджвае нашу любоў і забівае нашу надзею”, - сказаў Святы Айцец.

Францішак заклікаў выкарыстаць Вялікі пост, каб сказаць “не” абыякавасці; спробам баналізацыі жыцця; пустым і бессэнсоўным словам; грубай і хуткай крытыцы; спрошчанаму аналізу, няздольнаму ахапіць складанасці чалавечых праблем, асабліва праблем тых, хто найбольш пакутуе; малітве, якая мае на мэце супакоіць сумленне; міласціне, якая пакідае задавальнення сабой; посту, які дапамагае адчуваць сябе ў парадку; такім відам духоўнасці, якія зводзяць веру да ўзроўню культуры “гета” і маргіналізацыі.

Вялікі пост – гэта час адкрыцця сэрца на подых Бога, Адзінага, здольнага перамяніць наш пыл у чалавечнасць; гэта час для пазбаўлення ад ўсяго, што нас ізалюе, закрывае і паралізуе. Вялікі пост – гэта час спачування, сказаў у сваёй гаміліі Францішак.








All the contents on this site are copyrighted ©.