2017-03-01 12:50:00

Папа падтрымаў “экалагічную” кампанію бразільскага Касцёла


Францішак падтрымаў “Кампанію братэрства”, якая праходзіць у Бразіліі па ініцыятыве мясцовай Канферэнцыі Біскупаў. Ініцыятыва рэалізуецца з 1963 г. падчас Вялікага посту. 54-я па ліку кампанія прысвечана абароне бразільскіх экасістэм і жыцця. Папа заклікаў да ўдзелу кожнага чалавека ў адказе на гэтыя выклікі.

Створца даў Бразіліі прыроду “незвычайнай прыгажосці”, заўважыў Пантыфік і з жалем дадаў, што ў краіне ёсць прыкметы агрэсіі ў адносінах да стварэння і пагаршэння стану навакольнага асяроддзя. І тут голас мясцовага Касцёла стаў па-сапраўднаму “прароцкім”, паколькі ўвага была звернута не толькі на самі праблемы, але і названыя іх прычыны і спосабы іх пераадолення.

Пагаршэнне экалогіі, лічыць Францішак, гэта наступства існуючай мадэлі развіцця і культуры адчужэння, што адлюстроўваецца на жыцці канкрэтных людзей. Кампанія, прапанаваная Касцёлам, запрашае чалавека сузіраць, любавацца, праслаўляць і паважліва ставіцца да прыроды, сапраўднага Божага дару, адлюстраваннем якога з’яўляюцца разнастайныя экасістэмы Бразіліі. Гэта звязана таксама з неабходнасцю павагі да народаў, якія насяляюць іх. І гэта, на думку Пантыфіка, адна з самых вялікіх праблем ва ўсіх частках зямнога шару, таму што “дэградацыя навакольнага асяроддзя заўсёды суправаджаецца сацыяльнай несправядлівасцю”. Менавіта карэнныя народы, якія насяляюць кожную экасістэму, з’яўляюцца яркім прыкладам, як жыць у павазе да Божага стварэння. Трэба вучыцца ў гэтых людзей іх спосабу адносінаў да прыроды. 

Пантыфік чарговы раз адзначыў неабходнасць пошуку ўстойлівай мадэлі развіцця, якая б стала жыццяздольнай альтэрнатывай нястрымнаму імкненню да прыбытку, вынікам якога з’яўляецца спусташэнне прыродных рэсурсаў і адсутнасць паважлівага стаўлення да годнасці народаў.

“Кампанія братэрства” стартавала ў Бразіліі 1 сакавіка 2017 г., у Папяльцовую сераду, і будзе працягвацца ўвесь Вялікі пост.








All the contents on this site are copyrighted ©.