2017-03-01 12:00:00

Пантыфік: Вялікі пост – гэта шлях надзеі


Вялікі пост – гэта шлях надзеі, падкрэсліў папа Францішак 1 сакавіка 2017 г. падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане. У сваёй катэхезе ён нагадаў, што гэты саракадзённы перыяд з’яўляецца не толькі часам падрыхтоўкі да Вялікадня, але і чэрпае святло з самой пасхальнай таямніцы. 

“Вялікі пост – гэта шлях да Уваскрослага Езуса, гэта перыяд пакаяння, а таксама ўмярцвення, якое аднак не з’яўлецца мэтай самой па сабе, а павінна дапамагачы ўваскрэснуць з Хрыстом, аднавіць нашу тоеснасць, атрыманую з хростам, гэта значыць нанова адрадзіцца “з вышыні”, з любові Бога. Вось чаму Вялікі пост, па сваёй прыродзе, гэта час надзеі”, - сказаў Пантыфік.

Святы Айцец спаслаўся на гісторыю вызвалення ізраільскага народа з егіпецкай няволі, пераказаную ў кнізе Зыходу. Пан не забыўся пра пакуты свайго народу і сваё абяцанне: Ён паклікаў Майсея і сваёй магутнай правіцай дапамог ізраільцянам выйсці з палону ў бок зямлі свабоды, нагадаў Папа.

“Святое Пісанне паказвае, што зыход быў доўгім і пакутлівым: сімвалічна ён працягваўся 40 гадоў, што азначае час жыцця аднаго пакалення – пакалення, якое перад абліччам выпрабаванняў вандроўкі заўсёды падвяргалася спакусе горкага ўспаміну пра Егіпет і вяртання назад. Таксама ўсе мы ведаем спакусу жадання вярнуцца назад, усе. Але Пан заставаўся верным і гэты бедны народ, пад кіраўніцтвам Майсея дайшоў да абяцанай зямлі. Увесь гэты шлях быў пройдзены ў надзеі: у надзеі на дасягненне зямлі, і менавіта ў гэтым сэнсе ён з’яўляецца “зыходам”, выйсцем з рабства да свабоды. Гэтыя сорак дзён таксама для ўсіх нас з’яўляюцца выйсцем з няволі, з граху, на свабоду, на сустрэчу з Уваскрослым Хрыстом. Кожны крок, кожная пакута, кожнае выпрабаванне, кожнае падзенне і кожнае паўстанне – усё гэта мае сэнс толькі ўнутры задумы збаўлення Бога, які жадае для свайго народу жыцця, а не смерці, радасці, а не болю”, - сказаў Папа.

Францішак падкрэсліў, што Пасха Езуса – гэта Яго зыход, праз які Ён адкрыў шлях для дасягнення поўнага, вечнага і шчаслівага жыцця. Каб адкрыць гэты шлях, Хрыстус павінен быў пазбавіцца сваёй хвалы, прынізіцца, стаць паслухмяным аж да смерці і да смерці крыжовай, заўважыў Святы Айцец.

“Адкрыццё шляху да вечнага жыцця каштавала Яму ўсёй Ягонай крыві, і дзякуючы Яму, мы былі выбаўлены ад рабства граху. Але гэта не азначае, што Ён учыніў усё, а мы не павінны рабіць нічога. Не азначае, што Ён прайшоў праз крыж, а мы “заедзем на Неба на карэце”. Гэта не так. Наша збаўленне – гэта безумоўна Ягоны дар, але, паколькі гэта гісторыя любові, патрабуецца наша “так” і наш удзел у Яго любові, як паказвае наша Маці Марыя, а пасля яе, усе святыя”, - падкрэсліў Пантыфік.

Францішак заклікаў разам з Хрыстом перамагаць спакусы, чэрпаючы з жывой вады Святога Духа праз прыняцце сакрамэнтаў, малітву, адарыцыю. “У такім сэнсе Вялікі пост з’яўляецца “саркамэнтальным знакам нашага навяртання”. Хто праходзіць шляхам Вялікага посту, заўсёды знаходзіцца на шляху навяртання. Вялікі пост – гэта сакрамэнтальны знак нашага пілігрымавання ад нявольніцтва да свабоды, якое заўсёды павінна аднаўляцца. Канешне, гэты шлях патрабуе высілкаў, і гэта слушна, таму што любоў патрабуе высілкаў, але ён поўны надзеі. І нават больш за тое, я б сказаў, што велікапосны зыход – гэта шлях на якім фарміруецца надзея. Цяжкасці пераходу праз пустыню – усе выпрабаванні, спакусы, ілюзіі, міражы – усё гэта патрэбна, каб каваць моцную, грунтоўную надзею, па прыкладзе Панны Марыі, якая сярод цемры мукі і смерці свайго Сына працягвала верыць і спадзявацца на Ягонае ўваскрасенне, на перамогу Божай любові”, - сказаў Папа.

На заканчэнне сваёй катэхезы Францішак заклікаў вернікаў увайсці ў Вялікі пост адчуваючы сябе часткай святога народа, з радасцю і адкрытасцю на гарызонты надзеі. 








All the contents on this site are copyrighted ©.