2017-02-27 11:33:00

Папа адказаў на пытанні англіканскіх вернікаў


Пра адносіны паміж католікамі і англіканамі, важнасць міжканфесійнага супрацоўніцтва і экуменічны патэнцыял “маладых Касцёлаў” казаў папа Францішак 26 лютага 2017 г. на заканчэнне візіту у англіканскую царкву Усіх Святых (All Saints Church) у Рыме. 

Пасля ўдзелу ў Харальных Нешпарах і казання, Святы Айцец адказаў на тры пытанні англіканскіх вернікаў. Першае задала студэнтка рымскага ўніверсітэта “La Sapienza”. Яна адзначыла, што веды католікаў пра англіканаў часта абмяжоўваюцца толькі гісторыяй пра Генрыха VIII, і спытала пра сённяшнія адносіны паміж вызнаўцамі гэтых канфесій.

Святы Айцец прызнаў, што ў мінулым яны былі цяжкімі. “Але вырваць старонку гісторыі і несці яе як ікону адносін няправільна”, - дадаў ён. Папа падкрэсліў, што гістарычныя факты трэба разглядаць у кантэксце той эпохі, у якой яны мелі месца. Сёння ж адносіны паміж католікамі і англіканамі “добрыя, як ў братоў, і гэта важна”. Пантыфік узгадаў пра вялікую спадчыну святых, што злучае абедзьве канфесіі і манаскую традыцыю, прысутную у іх.

Адказваючы на пытанне пра сферы развіцця братэрскіх адносін, Папа адзначыў, што ў экуменізме важным з’яўляецца і супрацоўніцтва ў грамадскай дзейнасці, і тэалагічны дыялог.

Апошняе пытанне задаў англіканскі вернік з Нігерыі. Ён спытаў пра экуменічны патэнцыял “маладых Касцёлаў”, маючы на ўвазе, перш за ўсё, рэгіён свайго паходжання. Францішак пагадзіўся, што яны маюць больш энтузіязму ў параўнанні з касцёльнымі супольнасцямі ў Еўропе і могуць многаму навучыць каталіцкае і англіканскае духавенства Старога Кантыненту.

Папа таксама падкрэсліў, што разглядае магчымасць падарожжа ў Паўднёвы Судан, куды быў запрошаны іерархамі розных канфесій і дадаў, што мог бы туды накіравацца разам з Архіепіскапам Кентэрберыйскім Джасцінам Уэлбі.

На заканчэнне свайго візіту Святы Айцец паразмаўляў з вернікамі, прысутнымі ў храме. Францішак стаў першым Папам, які наведаў англіканскую царкву ў Рыме.








All the contents on this site are copyrighted ©.